Некалькі дзён таму былога галоўнага архітэктара Мінска Паўла Лучыновіча даставілі з СІЗА ў лякарню з паралюшам ніжняй часткі цела, паведамляе TUT.BY са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Суразмоўцы партала таксама распавялі, што пасля нарады Лукашэнкі з сілавікамі на справу Лучыновіча звярнулі дадатковую ўвагу.
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY
Паўла Лучыновіча затрымалі 16 сакавіка 2019 года па падазрэнні ў атрыманні хабару ў чатыры тысячы даляраў ад прадпрымальніка. На аператыўным відэа фігуравалі грошы, якія знаходзіліся ў аўтамабілі. З таго моманту Павел Лучыновіч знаходзіўся ў СІЗА.
— А ў панядзелак яго адтуль забралі ў шпіталь — паралізавала ніжнюю частку цела, — кажа крыніца.
Другі суразмоўца партала распавядае, што Лучыновіч знаходзіцца ў аддзяленні неўралогіі пятай ГКБ, дзе яго ўчора прааперавалі. Дыягназы звязаны з інфекцыяй. Спецыялісты кажуць, што гэта можа быць выклікана як схільнасцю арганізма (плюс умовы ўтрымання ў СІЗА), так і ўдарам. Крыніцы адзначаюць, што гэта можа сапраўды прыводзіць да паралюшу, але пасля курсу лячэння цела можа аднаўляцца цалкам.
Як распавядае крыніца, знаёмая з ходам крымінальнай справы, Лучыновіча абвінавачваюць у атрыманні хабараў па двух эпізодах. Першы — у момант затрымання.
— Але, наколькі я чуў, па грошах, якія знаходзіліся ў ягонай машыне ў той момант, было праведзена некалькі экспертыз. І ні адна з іх не паказала, што ён да гэтых купюраў дакранаўся, — кажа суразмоўца.
Другі эпізод, паводле яго слоў, — атрыманне Лучыновічам у сваім кабінеце бутэлькі шампанскага і прысмакаў напярэдадні Новага года ад прадстаўніка камерцыйнай кампаніі.





