Днямі галерэя расійскай прапаганды папоўнілася яшчэ адным шэдэўрам, у якім аўтары спрабуюць пасварыць Еўропу з Украінай праз фэйкавы зварот «азоўцаў».
На новаствораным канале YouTube з'явіўся відэазварот «вайскоўцаў» «Азова», у якім падстаўныя акторы заяўляюць, што праз нежаданне нідэрландцаў падпісваць асацыяцыю з Украінай «Азоў» вымушаны рэагаваць — «сцерці Нідэрланды».
Бутафорскія жаўнеры спачатку з памылкамі па-ўкраінску пагражаюць галандцам, а потым па-англійску абяцаюць «знаходзіць іх паўсюль: у ложку і на працы».
У каментарыі «Нашай Ніве» беларускія дабраахвотнікі «Азова» назвалі відэа «цыркам на дроце, узроўню ўкрыжаванага хлопчыка».
А ў афіцыйным абвяржэнні (апублікаваным на афіцыйным канале «Азова») намеснік кіраўніка «Азова» звярнуў увагу на нестатутныя боты фэйкавых азоўцаў, адсутнасць шаўронаў, схаваныя твары і, асабліва, на страйкбольныя аўтаматы — у АКМы акцёраў устаўленыя ражкі для аўтаматаў іншага калібру.





