Ураганныя вятры, якія пранесліся над паўночнымі раёнамі ФРГ увечары 5 мая, выклікалі сур'ёзныя разбурэнні. Асабліва моцна пацярпеў гарадок Бютцаў пад Ростакам у федэральнай зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.
Тут пранёсся смерч, у выніку якога пацярпелі больш за 30 чалавек, адзін з іх — шпіталізаваны, паведаміў у сераду, 6 мая, прадстаўнік мясцовых уладаў, піша dw.de
Паводле яго слоў, вецер сарваў дахі з вялікай колькасці дамоў і пашкодзіў аўтамабілі.
У адной з бальніц пашкоджаны дах, у выніку чаго пацыентаў прыйшлося эвакуяваць у іншае памяшканне. Масавай эвакуацыі насельніцтва, аднак, не спатрэбілася. Мясцовыя ўлады ацэньваюць шкоду ў шмат мільёнаў еўра.
Між тым у Гамбургу пад абломкамі сарванага ветрам даху загінуў 26-гадовы мужчына.
Яго 25-гадовая спадарожніца жыцця шпіталізавана з цяжкімі траўмамі, паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на паліцыю.
Цыклон змяшчаецца ва ўсходнім кірунку і прынясе ў Беларусь моцныя дажджы. Прынамсі сіноптыкі прагназуюць залевы на чацвер 7 мая.





