Уладзімір Станілевіч - начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах міліцыі грамадскага парадку МУС.

Уладзімір Станілевіч - начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах міліцыі грамадскага парадку МУС.

Гэты круглы стол анансаваўся даўно. Напярэдадні журналісты зрабілі званкі ў прэс-службу Беларускай федэрацыі футбола. «Пачатак а 12, прыходзьце, калі ласка», — адказалі там. Але чамусьці ў прызначаны час супрацоўнікі Дома футбола прадстаўнікоў СМІ ў канферэнц-залу не пускалі. Рабочая сустрэча, не паложана.

Давялося дачакацца намесніка старшыні БФФ Сяргея Сафар’яна, які таксама спачатку адмаўляў, але пасля здаўся пад напорам журналістаў. «Заходзьце», — коратка гукнуў ён. Праўда, потым не адмовіў сабе ў задавальненні прачытаць лекцыю журналістам, што так не робіцца.

У сваім уступным слове Сафар’ян гаварыў пра зніжэнне наведвальнасці чэмпіянату. «Мы спрабуем прааналізаваць, у чым корань гэтага ўсяго». Ён заклікаў да парламенцкай формы вядзення дыскусіі без прыдзірак з абодвух бакоў.

Пасля гэтага слова ўзяў Уладзімір Станілевіч, начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах міліцыі грамадскага парадку МУС. Ён зрабіў невялікую справаздачу, дзе паведаміў колькі за мінулы год фанатамі было здзейснена правапарушэнняў. Зафіксаваныя 24 выпадкі выкарыстання «незарэгістраванай сімволікі», 16 — піратэхнікі, а таксама 5 несанкцыянаваных шэсцяў.

«Супрацоўнікаў міліцыі на стадыёнах будзе роўна столькі, колькі патрэбна для падтрымкі бяспекі. У нас праваахоўнікаў на арэнах не больш, чым у іншых краінах», — сказаў Станілевіч.

Міліцыя сказала, што падтрымлівае стварэнне пры клубах афіцыйных аб’яднанняў балельшчыкаў, так званых фан-клубаў. «Каб яны дзейнічалі ў прававым полі, а не былі хуліганамі», — адзначыў міліцыянт. Для тых, хто ўступіць у такія аб’яднанні, прадугледжаная цэлая сістэма прэферэнцый. Напрыклад, арганізаваныя выезды на гасцявыя матчы. У гэтых жа фан-клубах будуць весціся прафілактычна-тлумачальныя гутаркі аб недапушчальнасці парушэння законаў.

Можна сказаць, што гэта такая своеасаблівая форма кантролю, таму фанаты не хочуць ствараць такія групы. На сёння яны з’явіліся толькі ў БАТЭ, «Гомелі», мінскім і брэсцкім «Дынама».

«Міліцыя не бачыць ва ўсіх балельшчыках злачынцаў. Сярод усіх ёсць чалавечы фактар, які павінен вырашацца на месцы. Надгляд як быў, так і будзе», — скончыў прамову спадар Станілевіч.

Першым не вытрымаў фанат клуба «Белшына» Артур Жогаль: «А праз аўтазакі па-ранейшаму будзеце прапускаць фанатаў?»

«Калі ўладальнікі стадыёнаў усталююць палатку, ці зробяць іншае памяшканне для дадатковага надгляду, то праз аўтазак прапускаць не будзем. Калі будзе ўсталяваны радыёхвалевы сканер, то праблем не будзе зусім. Не трэба ўспрымаць гэта як прыніжальную працэдуру». Зала на гэтым не надта ўхваляючы загудзела.

«У нас неканструктыўны дыялог», — пачулася праз нейкі час ад міліцэйскага начальніка.

Жогаль не спыняўся, гаворачы пра тое, што супрацоўнікі АМАПа вядуць сябе некультурна, хамяць. Ён прывёў такі прыклад з гульні ў Салігорску. «Я запытаўся, а дзе ваш старшы?» У Маскве, адказалі мне. Вы лічыце гэта нармальным?»

«Я лічу, што гэта неадэкватна. Але не ўпэўнены, ці мела гэта месца быць. Звяртайцеся па парушэннях у МУС, ці пракуратуру».

«Я не бачу сэнсу гэта рабіць, у нашай краіне сістэму не паламаеш», — адказаў супрацоўнік клуба.

Урэшце бок фанатаў заняў і функцыянер БФФ Сафар’ян. «Нават мне міліцыянты кажуць: «Стой, куды ты ідзеш?» Мне гэта таксама стаіць упоперак горла. Міліцыянты ж таксама некуды ходзяць у парк, у кіно. Я прашу, каб вы далі загад размаўляць з людзьмі як са сваякамі. Вы ім усміхайцеся, яны вам усміхаюцца».

Яшчэ адзін прыклад ад Сафар’яна мяжуе з поўным сюррэалізмам. Гульцоў італьянскай «Фіярэнціны» ў поўным камплекце формы не пускалі на трэніровачнае поле два супрацоўнікі міліцыі. «Ну гэта ж абсурд, калі італьянскіх футбалістаў па-руску пытаюцца, з якой мэтай вы ідзеце на поле? Не заўсёды хочацца пісаць лісты пратэсту, многіх канфліктаў можна пазбегнуць». Ці іншы прыклад, калі міліцыя не дае пранесці футбалістам бутэлькі з вадой. Маўляў, а ці вада там.

Урэшце было дамоўлена, што супрацоўнік клуба цяпер зможа прысутнічаць на міліцэйскім інструктажы перад гульнёй, дзе зможа растлумачыць сваю пазіцыю, данесці просьбы фанатаў.

Шмат гаворкі датычыла банераў і праблемы іх рэгістрацыі. Варта нагадаць, што ў Беларусі на футбольных матчах можна вывешваць толькі тыя транспаранты, якія былі ўзгодненыя з міліцыяй. Спецыяліст па бяспецы ФК «Мінск», якога называлі проста «Антоныч», на цудоўнай трасянцы тлумачыў, з якімі праблемамі яму даводзіцца сутыкацца, каб зарэгістраваць банер.

«Адпісваюць мне: не адпавядае нормам. А якім нормам, хоць бы слова сказалі. Ну можа ён утварае міжнародную пагрозу ці падрывае бяспеку эканомікі Рэспублікі Беларусь».

«У вас шмат іншых банераў, выкарыстоўвайце іх», — адказвае супрацоўнік мінскай міліцыі.

Антоныч не супакойваўся. «Я дайшоў да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Аляксандра Іоскіна. Прыходжу да яго ў кабінет, а ён мне кажа, што прымае наведвальнікаў толькі ў вызначаныя часы. Але ж ён сядзіць семачкі лускае і не можа мяне прыняць».

Ёсць яшчэ пытанне не толькі «адвечных» банераў, якія вісяць ад гульні да гульні, але і сітуацыйных. Напрыклад, футбаліст Коля забіў 100 галоў і сектар яго з гэтым віншуе, ці ў Васі дзень нараджэння, ці ў Пеці сын нарадзіўся. Няўжо на іх рэгістрацыю таксама трэба марнаваць ад 15 да 30 дзён?

«А раптам Вася, ці Пеця — сябры Гітлера», — здаецца, гэты аргумент Станілевіча «забіў» многіх.

Нават Сяргей Сафар'ян не вытрымаў: «У нас у федэрацыі працаваў чалавек з імем па бацьку Адольфавіч, дык што, яго не пускаць у федэрацыю, а то раптам ён пазашлюбны сын Гітлера?»

Прадстаўнік мінскага «Тарпеда» папоўніў скарбонку абсурдных гісторый. У іх на сектары быў банер трэнера Мікалая Блашко. «Цяпер нават нам сказалі, што не прапусцяць гэты банер. Бо ў ім пабачылі Бандэру».

Міліцыя ўсё апраўдвалася, што фанаты маюць сотні хітрыкаў, каб выказаць свае палітычныя погляды. Напрыклад, аднойчы быў пранесены банер: «Фанаты хозяева стадіонов», дзе тлустым былі вылучаны літары АСАВ, што лічыцца абразай міліцыі.

Прадстаўнік мінскага «Дынама» сказаў, што за мінулы год пабываў на стадыёнах многіх еўрапейскіх краін, і нідзе такога прэсінгу на фанатаў няма. «У Францыі нашых хлопцаў, напрыклад, абнюхаў сабака, але ж да іх нават не дакранаўся ніхто. Усё робіцца з усмешкай. Ніхто не абураецца. А то ў Гомелі нашага намесніка гендырэктара клуба прасілі зняць абутак».

Атрымаць нейкія істотныя саступкі ад міліцыі прадстаўнікі клубаў так і не змаглі. Выглядае, што сітуацыя з міліцэйскім надглядам на стадыёнах сёлета ніяк не будзе адрознівацца ў лепшы бок ад мінулага.

А вось супрацоўнік МНС прызнаў, што пры некаторых агаворках выкарыстоўваць піратэхніку на матчах будзе магчыма.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?