На тэрыторыі Ваўкавыскага раёна 25—27 лютага праходзяць комплексныя вучэнні па арганізацыі абароны насельніцтва ад надзвычайных сітуацый. Адпрацоўваецца ўзаемадзеянне розных службаў, арганізацый і ведамстваў пры ўзнікненні НС рознага характару.
Як паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях, падчас вучэнняў будзе правераны стан дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і сістэмы грамадзянскай абароны, наяўнасць планаў асноўных мерапрыемстваў па арганізацыі функцыянавання ГСНС і ГА, абароны насельніцтва і тэрыторый ад НС, папярэджанні і ліквідацыі НС, грамадзянскай абароны, паўната і якасць іх распрацоўкі, прымянення, своечасовасць карэкціроўкі. Таксама будзе праверана працаздольнасць сістэмы кіравання, сувязі і апавяшчэння, гатоўнасць фарміраванняў да выканання задач, іх аснашчанасць і ўкамплектаванасць.
Плануецца адпрацоўка шэрагу ўводных.
Пасля шквалістага ветру і выпадзення мокрага снегу на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна зарэгістраваны абрывы ліній электраперадачы. У выніку парушэння электразабеспячэння выйшла са строю падстанцыя, з-за чаго адключаны ад электраэнергіі шэраг прадпрыемстваў і жылы сектар. Пашкоджаны дахі жылых дамоў, павалена 20 га лесу. У сувязі з моцным раставаннем снегу падтопліваюцца жылыя дамы ў гарадскім пасёлку Краснасельскі і вёсцы Волпа. У выніку пад'ёму ўзроўню ракі Рось стварылася пагроза падтаплення прыватных домаўладанняў у іншых населеных пунктах.
У выніку ўжывання мяса хворай жывёліны (дзіка) з падазрэннем на трыхінелёз да медыкаў звярнуліся 15 чалавек.
У кацельні здарылася аварыя са спыненнем цыркуляцыі цепланосьбіта ў дзіцячы дом, спецшколу і шматкватэрныя жылыя дамы. Неабходна разгортванне пункта часовага размяшчэння насельніцтва (100 чалавек) у адпаведнасці з рашэннем райвыканкама на базе аб'ектаў грамадскага прызначэння.
З-за аварыі ў вытворчым памяшканні на тэрыторыі ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат» адбылася ўцечка аміяку. Сем работнікаў атруціліся.
У РАУС паступіла паведамленне аб мініраванні будынка.
Выбух бытавога газу ў жылым доме прывёў да частковага абрушэння апорных канструкцый. Пад заваламі знаходзяцца пацярпелыя.
На прампрадпрыемстве адбыўся падпал вытворчага памяшкання з наступнымі разбурэннямі будаўнічых канструкцый, пацярпелі пяць чалавек.
У пункце прыёму перакуліўся кантэйнер з адходамі, якія ўтрымлівалі ртуць, разлілася вадкая ртуць у памяшканні.
У сувязі з дэфармаваннем чыгуначнага палатна здарылася сутыкненне двух цягнікоў. У выніку разліліся гаруча-змазачныя матэрыялы. Пацярпелі 15 чалавек.
У працэсе тушэння пажару пацярпелі пяць работнікаў МНС.
Асабовы склад грамадзянскіх фарміраванняў, які бярэ ўдзел у ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, не атрымліваў гарачую ежу на працягу 42 гадзін.
Усе гэтыя сітуацыі давядзецца вырашаць агульнымі намаганнямі кіруючага складу службаў ГА раёна, арганізацый, тэрытарыяльных грамадзянскіх фарміраванняў ГА і аб'ектавых грамадзянскіх фарміраванняў ГА.
Па выніках рэалізацыі кожнага этапу вучэнняў будзе дадзена ацэнка дзеянням кіраўніцтва і непасрэдным удзельнікам.





