фота media-polesye.by
Афіцыйнае адкрыццё помніка пройдзе на абласных «Дажынках» у суботу, 6 верасня.
Нагадаем, што ў сярэдзіне жніўня кіраўнік Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў Пінск. Там ён праінспектаваў падрыхтоўку да дажынак і распавёў аб планах усталяваць у горадзе помнік хлебу. Тады ж Сумар, выказаўшы незадаволенасць тымі варыянтамі, якія былі прадстаўлены мастацкай камісіі, сам накідаў на аркушы паперы прыблізную выяву помніка.
І вось увечары 4 верасня помнік усталявалі. Выглядае ён сціпла: гранітны куб, на якім ляжыць ручнік з боханам хлебу і каласамі.
Як паведаміў Вячаслаў Гарбузаў — намеснік начальніка па культуры Брэсцкага аблвыканкама, помнік сапраўды выкананы па эскізе губернатара, які, праўда, быў трошкі дапрацаваны прафесійным скульптарам.
Прычым, было прадстаўлена яшчэ каля 5-7 праектаў помніка.
Але, па словах Гарбузава, вырашылі, што варыянт Сумара «найбольш адказвае ўсім патрабаванням».





