Швецыя перадасць Украіне рэкордны пакет узбраення на суму каля 700 млн долараў

Падтрымка Украіны не спыняецца. Новы пакет дапамогі Украіне ад Швецыі стане самым вялікім на сённяшні дзень. Расказваем, што ў яго ўваходзіць.

20.02.2024 / 14:08

Міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан пад час прэс-канферэнцыі. Скрын відэа gp.se

Як піша шведскае выданне Dagens Nyheter, Швецыя надасць Украіне пакет вайсковай дапамогі на суму 7,1 мільярда шведскіх крон (каля 700 мільёнаў долараў). Ён стане самым вялікім пасля нападу Расіі.

Большую частку пакета дапамогі складаюць новыя артылерыйскія боепрыпасы, якіх украінскаму боку вельмі бракуе. Акрамя гэтага, Кіеву перададуць 10 баявых дэсантных катараў класа 90Н і 20 дэсантных катараў класа G, міны і тарпеды.

Шведскі баявых дэсантны катар класа 90Н. Фота: Wikimedia Commons

Пакет таксама ўключае шведскія пераносныя ракетныя комплексы 70-й мадэлі з боепрыпасамі для паражэння паветраных цэляў, супрацьтанкавыя робаты, гранатамёты Carl Gustaf, ручныя гранаты, медыцынскае абсталяванне і аўтамабілі, харчпайкі.

Украіна атрымае 1 мільярд крон на набыццё вайсковай тэхнікі праз розныя фонды, а таксама 1 мільярд на замову 90 новых баявых машын.

Акрамя гэтага на розныя адукацыйныя ініцыятывы для ўкраінцаў будзе выдаткавана 400 мільёнаў шведскіх крон.

Міністр абароны Швецыі Пол Ёнсан (Pål Jonson) на прэс-канферэнцыі 20 лютага заявіў: «Падтрымліваючы Украіну, мы інвестуем у нашу бяспеку. Калі б Расія перамагла, у нас былі б значна большыя праблемы з бяспекай, чым сёння».

Разам з папярэднімі 14 пакетамі шведская дапамога Украіне складае амаль 30 мільярдаў шведскіх крон (2,9 млрд долараў).

Чытайце яшчэ:

Швецыя накіроўвае падраздзяленне ў Латвію. Яны стануць часткай першай лініі абароны ад патэнцыйнага расійскага ўварвання

ЕС правядзе аўдыт дапамогі Украіне

Сенат ЗША падтрымаў законапраект аб дапамозе Украіне, Ізраілю і Тайваню на 95 мільярдаў даляраў

Антось Жупран