ГУБАЗіК затрымаў за каментары яшчэ аднаго мужчыну. Той здзейсніў тую ж памылку, што і дзясяткі тысяч беларусаў

Ягоны выпадак таксама паказвае, што ГУБАЗіК працуе па самых лёгкіх мішэнях.

12.09.2023 / 19:52

Дзмітрый Чарнуха. Фота з ягонай архіўнай старонкі Укантакце амаль 10-гадовай даўніны

Затрыманаму Дзмітрыю Чарнуху — 28 гадоў. Ён з Барысава. Працаваў на розных працах і нічым асабліва не вылучаўся.

У 2020-м мужчына пакінуў амаль 400 каментароў на адрас лукашыстаў у розных чатах і не выдаляў іх. Цяпер за іх на яго завялі крымінальныя справы, калі верыць каналу ГУБАЗіК.

Як яго знайшлі, хоць спачатку ягоны акаўнт быў абаронены даволі добра? Вельмі проста — ён змяніў імя і «аватарку» ў тэлеграме на свае ўласныя. Пасля гэтага адшукаць яго стала справай літаральна секундаў.

Ён далёка не першы, каго затрымліваюць па гэтай прычыне. Учора мы паведамлялі пра затрыманне мінчука, які ў нейкі момант адкрыў свой нумар у тэлеграме. Вядома, што па гэтай жа прычыне апынулася за кратамі Марына Санкевіч, якой прысудзілі сем гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме.

Даволі простыя меры бяспекі могуць дапамагчы вам засцерагчыся, хоць і не гарантуюць бяспекі.

Як паведамлялі гродзенскія праваабаронцы, лік такіх неабароненых акаўнтаў, як у Дзмітрыя, ідзе на дзясяткі тысяч. Агульная колькасць каментатараў у беларускіх чатах, па іхніх мерках, сягае мільёна тэлеграм-акаўнтаў.

Мы шмат разоў пісалі раней пра тое, што, калі вы ў 2020-м пісалі з неабароненага акаўнта, то гарантыі бяспекі быць не можа. Але вось што можна зрабіць, каб зменшыць рызыку:

  1. Пачысціць каментары ў тэлеграме (з дапамогай бота ад гродзенскіх праваабаронцаў), выдаліць акаўнт і стварыць яго нанова. Лепш — на віртуальны, куплены за крыптавалюты або за мяжой, нумар.
  2. Вычысціць фота са смартфона, акаўнта Google Photos і акаўнта ў iCloud, каб прыбраць фота з пратэстаў.
  3. Вычысціць крамолу з іншых сацсетак і месенджараў: Viber, Whatsapp, Telegram, Instagram, Facebook, VK і «Аднакласнікі» (асобна выдаліце лайкі).
  4. Пачысціце ваш акаўнт у GoogleGoogle Play), а таксама YouTube, калі там магло захавацца нешта «крамольнае»;
  5. Прааналізуйце, дзе яшчэ маглі быць сляды вашай дзейнасці і паспрабуйце іх зменшыць або выдаліць зусім — тут вам дапамогуць пошукавікі.

Чытайце таксама:

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд

Як набываць крыптавалюты — падрабязны гайд

Nashaniva.com