Пастару з Новалукомля пасля красавіцкага затрымання дадалі яшчэ 15 сутак

Суддзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 мая разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да пастара евангельскай царквы Новалукомля Аляксандра Зарэцкага. За распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках суддзя пакарала яго арыштам на 15 сутак, піша «Віцебская вясна».

28.05.2023 / 16:13

Пастара Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Аляксандра Зарэцкага затрымалі ў мінулым месцяцы. 21 красавіка тая ж суддзя ўжо арыштавала пастара на той жа тэрмін. Зарэцкага асудзілі за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) праз «лайкі» і каментарыі да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

Падчас судовага разбіральніцтва суддзя Кручыніна ўстанавіла, паводле інфармацыі праваабаронцаў, што на асабістай старонцы ў фэйсбуку Зарэцкі размясціў і захоўваў фатаграфію сябе з дзіцем на фоне БЧБ-сцяга.

Пры гэтым суддзя Кручыніна хоць і прызнала наяўнасць змякчальных абставін па справе (у Зарэцкагаа на ўтрыманні трое малалетніх дзяцей), тым не менш вынесла максімальнае па артыкуле пакаранне ў выглядзе арышту на 15 сутак і канфіскавала прыналежны пастару тэлефон.

Nashaniva.com