«Савушкаў прадукт» запусціў у Пінску сонечную электрастанцыю

«Савушкаў прадукт» увёў у эксплуатацыю сонечную міні-электрастанцыю на даху ўласнага лагістычнага цэнтра ў Пінску. Мяркуецца, што яна будзе штогод даваць каля 240 тыс. кВт/г, што робіць яе адной з самых эфектыўных у краіне.

03.05.2023 / 17:22

Пры будаўніцтве «зялёнай» электрастанцыі выкарыстоўвалі 370 сучасных сонечных панэляў з высокім ККД, злучаныя ў ланцужкі — па 15-16 панэляў у кожнай. Іх вытворца — кітайская кампанія Einnova Solarline. Модулі плошчай 2,58 кв. м кожны зроблены двухбаковымі: пярэднім бокам прымаюць сонечныя прамяні з неба, а тыльным — ужо адбітыя.

У ясны дзень магутнасці комплексу павінна хопіць, каб забяспечыць працу вытворчай кампрэсарнай. Прыватнаму жылому дому такой колькасці электраэнергіі хапіла б на 3 месяцы.

Сонечная электрастанцыя ў Пінску

Сонечныя панэлі ўстаноўленыя на пляскатым даху лагістычнага цэнтра вытворчага філіяла кампаніі. Для мантажу распрацавалі спецыяльныя сістэмы мацавання, якія не парушаюць цэласнасць даху. Яны дазволілі дамагчыся аптымальнага кута нахілу модуляў да гарызонту для максімальнай выпрацоўкі электраэнергіі на працягу года.

Канструкцыі ўжо прайшлі праверку на трываласць зімовай непагаддзю і ўраганным ветрам. Паводле разлікаў, новы комплекс мае цалкам акупіцца за 4 гады.

Чытайце таксама:

Новая акумулятарная тэхналогія можа зрабіць электрасамалёты рэальнасцю

Ці змогуць акіянскія хвалі стаць для чалавецтва невычэрпнай крыніцай энергіі?

Аптовая цана электраэнергіі ў Нідэрландах дасягнула адмоўных значэнняў. Гэта ўсё з-за працы ветракоў

Nashaniva.com