Supercell закрывае доступ да ўсіх сваіх гульняў у Беларусі і Расіі

Кампанія вядома такімі папулярнымі гульнямі, як Clash of Clans і Brawl Stars.

24.03.2023 / 09:29

Фота: Supercell

Кампанія Supercell заблакуе ўсе свае гульні і дадаткі на тэрыторыі Беларусі і Расіі да канца вясны 2023 года. Аб гэтым кампанія паведаміла 22 сакавіка на сваім афіцыйным сайце. 

Прычына падобнага кроку — вайна ва Украіне.

«У адказ на вайну ва Украіне, якая працягваецца, кампанія Supercell выдаліла свае гульні з інтэрнэт-крам дадаткаў у Расіі і Беларусі. Доступ да ўсіх гульняў Supercell для ўсіх карыстальнікаў з Расіі і Беларусі будзе спынены на працягу вясны 2023 года згодна з прынятым раней рашэннем», — заявілі ў кампаніі.

Паведамляецца, што тыя, хто будзе карыстацца VPN для абыходу забароны, будуць таксама заблакаваныя. 

Supercell з’яўляюцца стваральнікамі такіх папулярных гульняў як Brawl Stars і Clash of Clans (на дадзены момант ужо недаступныя для запампоўкі з інтернэт-крам у Беларусі і Расіі).

Нагадаем, што гэта далёка не адзіная сітуацыя з падобнымі блакіроўкамі ці сыходамі з беларускага рынку. Напрыклад, яшчэ ў снежні 2022 распрацоўшчык дадаткаў Jira і Trello адключыў усіх карыстальнікаў з Беларусі. А такія кампаніі, як Flo, Ciklum, TeamViewer, Playgendary і іншыя ўвогуле ліквідавалі альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі сваіх бізнэсаў у Беларусі.

Чытайце таксама:

Мастак стварыў унікальныя гульні для беларусаў. У кожнай з іх — глыбокі сэнс

LoL, DOTA 2, Counter Strike: што будзе з кіберспортам у 2023 годзе? Вось тэндэнцыі

IKEA выпусціла гульню, небяспечную для дзяцей, а пасля схамянулася

Nashaniva.com