«Гэта ўсё няпраўда! Гэта напаказ!» Нейкая жанчына выгукнула гэтыя словы падчас начной сустрэчы Пуціна з марыупальцамі

На відэа нібыта выпадковай сустрэчы Пуціна з жыхарамі Марыупаля хтосьці з людзей на фоне выгукнуў здалёк словы «Гэта ўсё няпраўда! Гэта напаказ!». Ахоўнікі пачалі рабіць знакі адзін аднаму. Гэты варыянт відэа знайшлі на тэлеграм-канале РИА Новости.

20.03.2023 / 08:34

Што мела на ўвазе жанчына, невядома, як невядома, ці мела яна інфармацыю, што за госць завітаў ноччу ў іх двор.

Марыупаль — некалі адзін з самых сучасных і прыгожых гарадоў Украіны, цяпер цалкам разбураны. Адбудаваныя толькі некалькі кварталаў.

Дарадца мэра Марыупалю Пётр Андрушчанка ў інтэрвʼю Бі-бі-сі, распавёў, што новых дамоў, якія паказвалі Пуціну, — толькі адзін раён, які адбудаваны Міністэрствам абароны. «Гэта ўсяго пяць-сем будынкаў. Ён хацеў паказаць, як Расія дапамагла адбудаваць Марыупаль зноўку, але гэта няпраўда».

Андрушчанка лічыць, што ў Расіі не хопіць грошай, каб ператварыць Марыупаль у квітнеючы горад і дэманстраваць гэтую прыгожую карцінку як поспех «спецаперацыі». А прама цяпер рэальнасць Марыупаля жудасная, дадаў ён, абапіраючыся на апавяданні знаёмых і сяброў, якія застаюцца там: людзі не жывуць, а выжываюць.

Нават у гэтыя новыя дамы людзі не могуць заехаць, бо ў іх няма грошай купіць мэблю ў пустыя кватэры, якія здаюць будаўнікі.

Што тычыцца людзей, якія віталі Пуціна на відэа, Андрушчанка сказаў, што шчырыя прыхільнікі Пуціна ў Марыупалі ёсць: «Мы разумеем, што каля 10% людзей, якія застаюцца ў Марыупалі цяпер, у іх абсалютна прарасейскія погляды. Але яны — не большасць жыхароў Марыупаля».

Nashaniva.com