Неўзабаве пабачыць сьвет анталёгія беларускай паэзіі ХХ ст. “Краса і сіла”. У яе ўлучаныя творы 358 паэтаў. Пра кнігу распавядае ўкладальнік Міхась Скобла.

Летась на гарышчы роднай хаты адшукаў я сваю першую анталёгію — вучнёўскі сшытак вершаў, назьбіраных па школьных падручніках ды зборніках. Былі там і “Зорка Вэнэра”, і “Мой родны кут”, і “Анчар”, і “Чорны чалавек”. У студэнцкія гады я складаў адразу некалькі тэматычных анталёгій — адна зь іх, “Сымбалі волі”, увабрала ў сябе з паўсотні вершаў пра бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню. Як і папярэдняя, яна засталася ў рукапісе. [skobla_mikhasj.JPG "Міхась Скобла" ]У час, калі тыя сымбалі зьнялі зь дзяржаўных флягштокаў, але іншадумства ў афіцыйных СМІ яшчэ дапускалася, я пасьпеў на радыё зрабіць з дваццаць перадачаў, прысьвечаных паэтам 20—30-х. Пасьля ў “Звяздзе” мне прапанавалі весьці паэтычную рубрыку. Штосуботы на газэтных старонках зьяўлялася па адным вершы. Вышукваючы іх, я прачытваў і зборнічкі, і зборы твораў, знаходзіў яшчэ сёе-тое, ксэракапіяваў. Са зьмесьціва трох грубых папак, патроху нацяганых з Нацыянальнай бібліятэкі, склалася анталёгія.

Найбольш клопату было з пачаткам ХХ ст. Бо ХIХ-е завяршылася сьмерцю Ф.Багушэвіча, які, відаць, забыўся перадаць сваю дудку вартаму наступніку. Я рызыкнуў пачаць анталёгію з Старога Ўласа. Я.Купала — дэбютант 1905 г. — не пакрыўдзіцца, пабачыўшы перад сабой паэта, старэйшага на сямнаццаць гадоў. І другая паважная прычына не сердаваць ёсьць: менавіта Стары Ўлас пазнаёміў песьняра з будучай жонкай.

У анталёгію трапілі ня ўсе сябры Саюзу пісьменьнікаў. Няма тут паэткі, якая ў 30-я пісала то вершы, то даносы, стварыла паэму “Чэка” і аднаму Сталіну прысьвяціла дзесяць вершаў. Няма паэта зь Беласточчыны, які прысвоіў чужыя творы. Плягіят — хвароба заразная. Так, радок “едзе восень на рабым кані”, напісаны ў 1943 г. А.Астрэйкам, трапляўся мне на вочы яшчэ тройчы ў розных паэтаў. Ня трапілі ў анталёгію прадстаўнікі бурапеннай эпохі П.Шукайла і Я.Бобрык, паэты-ксяндзы Я.Быліна і В.Адважны, заходнебеларускія змагары А.Мілюць і П.Граніт… Іх творам знойдзецца месца ў іншых анталёгіях. Сваю ж я ўкладаў на свой густ, з сваім адчуваньнем красы і сілы, імкнуўся даць найпаўнейшую панараму беларускай паэзіі ХХ ст. Стагодзьдзя ня толькі “вэртыкальнага ўзьлёту паэзіі” (азначэньне А.Сідарэвіча), але і паэзіі, падбітай на ўзьлёце. Дзень 29 кастрычніка 1937 г., калі ў менскай турме былі расстраляныя дваццаць пісьменьнікаў, павінен значыцца ва ўсіх гісторыях сусьветнай літаратуры. І да таго, і пасьля паэтаў стралялі па адным, як Гумілёва ці Лёрку, а тут — масавы мэтанакіраваны адстрэл. Беларускім паэтам Парнас быў прыступкай на Гальготу, вышэйшай за якую ў сьвеце нічога няма.

358 біяграфічных прадмовак, зьмешчаных у анталёгіі, ня варта ўспрымаць як даведачныя — там няма поўнага жыцьцярысу і бібліяграфіі, дый суб’ектыўныя яны часам. Біяграфіі паэты пішуць сабе самі — сваімі ўчынкамі ці іх адсутнасьцю, адчайным поклічам de profundis ці згодніцкім маўчаньнем… Ва ўсе часы існавала спакуса прысесьці на калятронным зэдліку, падсюсюкнуць ямбам і чакаць, калі “поўны гусьлі насыплюць дукатаў”.

За час падрыхтоўкі анталёгіі на маім стале й падлозе назапасіліся цэлыя радовішчы вершаў. Нават паліглёт з Новасібірску А.Мусорын, які піша расейскай, ангельскай, кітайскай, польскай, баўгарскай, эстонскай мовамі, а таксама эспэранта і лацінай, даслаў колькі беларускіх хоку, адным зь якіх мне хочацца падзяліцца з чытачамі: “На пялёстках асеньняй позьняй ружы не растае апошні сьнег”. Няблага для чалавека, які вывучыў мову праз Інтэрнэт. Былі і кур’ёзы. Паэт-франтавік, даведаўшыся, які ягоны верш адабраны для анталёгіі, даслаў новы варыянт апошняй страфы. Я заўважыў, што не супадаюць паэтычныя памеры і… атрымаў даручэньне “падагнаць” верш пад тую, невядома зь якой курасадні зьляцелую, страфу.

А.Сідарэвіч наракае, што беларускім паэтам у ХХ ст. давялося займацца тым, чым французы займаліся ў ХVI: услаўленьнем мовы і радзімы. Але, не пакідаючы “плачу аб старонцы”, беларусы з парады М.Багдановіча не забываліся падзівіцца, “як глядзіцца сонца ў люстэрка — месяц залаты”. На першае месца ў назьве анталёгіі пастаўленая краса.

Ваяўнічае, рэвалюцыйнае, дыктатурнае, касьмічнае, чарнобыльскае ХХ ст. адышло ў гісторыю. Заслона апусьцілася. Час зьбіраць камяні на парнаскіх пашах, дзе паэты пад наглядам Найвышэйшага Пастыра сто гадоў адбывалі радоўку радка.

Міхась Скобла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0