Ідэя ўстаноўкі побач з камнем-следавіком статуі Перуна нарадзілася ў гаспадара аграсядзібы Васіля Шкіндзера падчас жнівеньскага мастацка-рамесніцкага фэсту. Падчас этнаграфічнага фестывалю майстры разьбы па дрэве і стварылі з прывезенага для гэтых мэтаў бервяна статую Перуна. Тады ідала часова ўсталявалі ў двары аграсядзібы. Пасля Васіль сам выразаў у камлі адтуліну, умантаваў у яго бетонны слуп, каб не прагніла наскрозь аснова, і на сваім трактары прывёз статую на Перунову гару.

Легенда кажа, што ў гэтым месцы, калі ў гарачы дзень пад нагамі плавіліся зямля і камяні, ішла Ева з катом і сабакам.
Так на камні і засталіся сляды — жаночай ногі 34-га памеру, ката і сабакі. А гару побач з камнем у Полсвіжы спрадвеку называлі Перуновай. Пярун — у паганскай міфалогіі бог грому і маланкі, грамабой. За некалькіх метраў ад камня, ля самай гары, паганцы праводзілі старажытны народны абрад «Гуканне вясны». Там і ўсталявалі статую Перуна.

Васіль ужо не першы год займаецца адраджэннем народных традыцый.

— Хачу далучыць народ да дасягненняў продкаў, якія, на жаль, сыходзяць у нябыт. Адраджаць трэба тое, што дапамагала ўпрыгожваць цяжкае жыццё нашых дзядоў і прадзедаў. У мяне ў аграсядзібе ёсць свой маленькі этнаграфічны музей, у якім пачэснае месца займаюць і ручнікі, і самавары, і прылады працы нашых продкаў. Тут можна ўбачыць рысорную брычку ваенных гадоў, жорны, фібулы (металічная зашпілька на вопратцы ў выглядзе брошкі), элемент бранзалета і многае іншае, — кажа ён.

Народная векавая гісторыя, традыцыі знаходзяць у «Полсвіжы» другое жыццё — няхай гэта будзе вечар народных танцаў або проста сустрэча гасцей сядзібы. З асаблівым трымценнем Васіль ставіцца да таго, што засталося ад продкаў. «Нашы вёскі знікаюць, і калі мы гэтага не захаваем, застанецца пустая зямля», — заяўляе ён.

Сядзіба «Полсвіж» знаходзіцца ў вёсцы Вялікі Полсвіж побач з азёрамі Полсвіжскае і Доўгае. Уяўляе сабой драўляны дом. Васіль Шкіндзер прапануе сваім гасцям адпачыць ад гарадской мітусні, папарыцца ў лазні, парыбачыць, летам — пакатацца на лодцы па возеры або ціха паляжаць на пляжы.

— Не хацелася б казаць пра канкрэтныя лічбы, але я лічу развіццё аграсядзібаў адным з самых перспектыўных напрамкаў сельскага бізнэсу. Так, цяпер у нас людзей няма, але летам кожны тыдзень былі кліенты. І гэта пры тым, што актыўна на гэтым рынку мы працуем толькі два гады, — кажа Васіль.

Усяго ў Віцебскай вобласці зарэгістраваныя і працуюць каля 400 аграсядзібаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?