У Расіі ў выбарах лідараў апазіцыі ўзяла ўдзел 81 тысяча чалавек.

У Расіі ў выбарах лідараў апазіцыі ўзяла ўдзел 81 тысяча чалавек.

У Расіі для гэтага была працэдура рэгістрацыі і верыфікацыі выбарцаў. Людзі рэгістраваліся па пашпартах або дасылалі праз інтэрнэт копіі пашпартоў, кожнаму чалавеку прысвойваўся электронны код, па якім ён мог прагаласаваць толькі аднойчы. Як Вы думаеце, гэта прымальны для Беларусі варыянт?

Андрэй Пачобут, журналіст, актывіст польскай нацменшасці:

Ноу-хау, якія выкарыстоўвае апазіцыя ў адной аўтарытарнай краіне, часта бярэцца на ўзбраенне падобнымі рухамі ў іншых краінах. Думаю, варта ўважліва прыгледзецца да расійскага спосабу.
Патрэбна толькі спалучэнне асабістай прыстойнасці з ведамі сучасных тэхналогій у патэнцыйных арганізатараў такога працэсу. Але варта памятаць, што вядомасць і папулярнасць у інтэрнэце не заўсёды азначаюць уплывовасці ў рэале.

Віталь Амяльковіч, грамадскі актывіст, Слуцк:

Ідэя добрая, але, баюся, рэжым выкарыстае тэхнічныя сродкі, каб сарваць такія выбары:
будуць атакі на інтэрнэт-рэсурсы, укід кампрамату на прэтэндэнтаў і чальцоў таго ж ЦВК, банальныя затрыманні напярэдадні нейкіх значных выступаў ці акцыяў.

Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху за Свабоду:

Думаю, варта прыдумаць нешта новае — тое, што дазволіць трансфармаваць інтэрнэт-галасы ў рэальную працу каманды і рост колькасці сяброў апазіцыйных арганізацый.
Інакш і без таго ізаляваная ад грамадства апазіцыя рызыкуе назаўжды застацца ў віртуальнай прасторы.

Аляксандр Фядута, каардынатар кампаніі «Гавары праўду»:

Расія — краіна вялікая, і іншай магчымасці, як галасаванне праз інтэрнэт, амаль што няма. З майго пункта гледжання, абіраць будучага кандыдата ў прэзідэнты — адзінага, на мой погляд, кандыдата — павінны менавіта тыя, хто будуць пасля збіраць подпісы, распаўсюджваць улёткі, стаяць у пікетах, працаваць у перадвыбарчых рэгіянальных штабах.
У нас шмат паважаных людзей з апазіцыйнымі поглядамі, але ж наперадзе такое супрацьстаянне, падчас якога абіраць генерала павінна пяхота. Колькі штыкоў цябе падтрымаюць, столькі галасоў ты і атрымаеш. А каб даведацца пра колькасць штыкоў, трэба прайсці праз перадвыбарчую кампанію — напрыклад, праз мясцовыя выбары. Тады і паглядзім, хто ёсць хто і хто можа быць адзіным кандыдатам. Пачакаем трошкі. Час ёсць.

Віктар Карняенка, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары»: Каардынуючы орган патрэбен для вырашэння канкрэтных палітычных задач, напрыклад, вызначэння ад апазіцыі кандыдата на прэзідэнты. Не аднойчы ўжо такія органы ствараліся, праўда, шляхам дэлегавання ў яго паўнамоцных прадстаўнікоў структур, якія пагаджаліся нешта зрабіць разам. Таму

першаснае пытанне — ці гатовы тут шукаць згоду палітычныя лідары альбо яны і ў 2015 годзе будуць клапаціцца пра ўласныя рэйтынгі, «умацаванне» сваіх структурак ці як «самазахавацца» да лепшых часоў.
Калі гатовы, і гэта пацвярджаецца на практыцы, то механізмы каардынацыі могуць быць самыя розныя, у тым ліку і ў расійскім варыянце. Без канкрэтнай мэты стварэнне нейкіх надбудоваў застанецца гульнёй. У нас ужо быў і «кіраўнік дзяржавы», і «генпракурор у выгнанні», і нават цэлы паралельны парламент. І што яно нам дало?

Калі браць арганізацыю альтэрнатыўнага галасавання, то заўсёды ў такіх выпадках паўстае патанне даверу да такіх «выбарчых камісій».

Магчыма, для падвышэння даверу да працэдуры трэба прасіць далучыцца да гэтай справы нашых маральных аўтарытэтаў: Святлану Алексіевіч, Уладзіміра Арлова ды іншых.

Сяргей Салаш, грамадскі актывіст, Барысаў:

Калі б раптам была агульная згода на такі механізм, то электроннае галасаванне мела б сэнс.
Праўда, на такое галасаванне не пагодзяцца «адвечныя дзеячы» і аўтсайдары. Што да арганізатара выбараў, то я б Ліпковічу (папулярны блогер) якомусьці даверыў бы працу са сканамі пашпартоў. Іншым — не. Падлікі павінны рабіць людзі, якія не маюць зацікаўленасці ў той ці іншай палітычнай групцы.

Зміцер Салаўёў, інжынер-будаўнік, праваабаронца:

На маю думку, расійская методыка можа быць выкарыстана ў якасці праймерыз — вызначэння прыкладнага рэйтынгу патэнцыйнага кандыдата.
Але тут ёсць свае абмежаванні. Пры галасаванні на офісах апазіцыйных структур і з выкарыстаннем інтэрнет-рэсурсаў да ўдзелу будуць прыяцягнуты толькі пэўныя сацыяльныя групы (актывісты апазіцыі, студэнты, офісныя супрацоўнікі), у той час як іншыя сацыяльныя групы будуць менш прадстаўленыя, Дый застаецца пытанне бяспекі для выключэння фальсіфікацый. Няпроста пракантраляваць, хто насамрэч галасуе, бо коды можна і перахапіць. А доступ да копій пашпартоў і пашпартных звестак даволі шырокі — мы пакідаем дадзеныя шмат дзе: у банках і ЖЭСах, напрыклад.

Сяргей Чарнавокі, праграміст, сябар Аргкамітэта Хрысціянскай Дэмакратыі:

Ідэя прымальная, але лепш такія выбары рабіць у часы палітычнага ўздыму, як было пасля Плошчы.

Іван Шыла, студэнт: Варта, безумоўна.

Калі рэалізаваць такое, адбудзецца немагчымае, апазіцыя аб’яднаецца. А сама кампанія па арганізацыі выбараў — добрая нагода праверыць жыццяздольнасць структур. І наогул, у расейскай апазіцыі шмат ідэяў, якія варта было б выкарыстоўваць.
Калі гаварыць пра галасаванні, то гэта выбары прамоўцаў на мітынгах. А якія жывыя там аргкамітэты масавых акцый! Нашыя ж даўно нічога супольнага з гэтым не маюць.

Варыянты з электроннай рэгістрацыяй выбарцаў прымальныя. Даўно пара разумець, што, калі гаворка ідзе пра сотні і тысячы асобаў, рэпрэсіі супраць такой колькасці людзей немагчымы.

Утварэнне ЦВК можна было б даручыць тым жа праваабаронцам-вясноўцам — у іх ёсць досвед арганізацыйнай працы ў межах краіны і высокі давер з боку ўсіх патэнцыйна зацікаўленых суб’ектаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?