У новым будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў польскім Беластоку адбылася міжнародная прэм’ера ўнікальнага праекта «Тузін. Немаўля».

Сяргей Пукст і гурт Re1ikt ужывую агучылі класіку беларускага нямога кіно 1920-х.

Праект па злучэнні класікі беларускай кінематаграфіі з музыкай сучасных выканаўцаў быў задуманы інтэрнэт-парталам Tuzin.fm. Праца вялася некалькі год і першы вынік быў прадэманстараваны на адкрыцці новага будынка Падляшскай Оперы і філармоніі 19 і 20 кастрычніка.

Для міжнароднай прэм’еры былі абраныя дзве стужкі — «Кастусь Каліноўскі» (1927) і «У агні народжаная» (1929), да якіх узяліся напісаць музыку адпаведна Сяргей Пукст і гурт Re1ikt.

Кінаканцэрт Сяргея Пукста было вырашана зладзіць у фае Оперы.

Пасярод фае быў пастаўлены раяль, а за ім — вялізны экран, на якім і дэманстравалася стужка режысера Уладзіміра Гардзіна.

Сяргей Пукст падышоў да стварэння сучаснага саўндтрэка да фільма 85-гадовай даўніны з усёй сур’ёзнасцю. Ён перакананы, што ў такім спалучэнні карцінкі і музыкі праяўляецца больш пачуцця, чым у гукавым кіно, дзе ўсе эмоцыі навідавоку. Адпаведна, у выніку сустрэчы двух мастацтваў і здзяйсняецца цуд, мяркуе музыкант.

Па-свойму падышлі да пастаўленай задачы музыканты з гурту Re1ikt, якія выступалі на наступны дзень у камернай зале Падляшскай Оперы. Ім дастаўся няпросты фільм — «У агні народжаная», шэдэўр авангарднага кіно, першы фільм славутага режысёра Уладзіміра Корш-Сабліна.

Музыкі называюць гэтую стужку «сапраўдным фільмам жахаў».
«Нам было вусцішна падчас прагляду, бо там вельмі шмат момантаў, якія не могуць пакінуць абыякавым.
І сёння гэтая праца выклікае пэўна зусім адваротныя эмоцыі, чым пры канцы 1920-х.
Сваё ўспрыняцце тых падзеяў мы і спрабавалі перадаць праз сваю музыку», — кажа адзін з стваральнікаў арыгінальнага саўндтрэку да фільма Аляксандр Дземідзенка.

Пра тое, што ім удалося зачараваць сваёй працай гледачоў, сведчыць хоць бы той факт, што прысутныя пасля апошняга акорда доўгі час яшчэ апладзіравалі музыкантам.

Беларуская прэм’ера праекту «Тузін. Немаўля» адбудзецца 22 і 25 лістапада ў клубе Loft (Броўкі, 22) у Мінску. Да праекту таксама далучыцца гурт з Беластоку Ilo&friends, які агучыць беларускі фільм «Прастытутка», зняты ў 1926 годзе.

А 24 лістапада каманда на чале з Ілонай Карпюк дасць першы ў сваёй гісторыі канцэрт у Беларусі на адкрыцці выставы афішаў беларускага нямога кіно ў клубе «Графіці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?