Маці пакаранага за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва атрымала адказ з Генеральнай пракуратуры Беларусі на свой зварот да генпракурора з патрабаваннем забяспечыць яе канстытуцыйныя правы.

Нагадаем, на працягу некалькіх месяцаў Любоў Кавалёва звярталася ў СІЗА КДБ і асабіста да старшыні Камітэта дзяржбяспекі Вадзіма Зайцава, спрабуючы высветліць, дзе знаходзяцца запісы сына, якія ён вёў у судзе і на сустрэчах з адвакатам. Ні на адзін са зваротаў пісьмовага адказу яна не атрымала. Таму жанчына звярнулася да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, дабіваючыся выканання ў дачыненні да сябе арт. 40 Канстытуцыі. Ён абвяшчае: «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай».

Адказ, атрыманы Кавалёвай з Генпракуратуры, падпісаны начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і дзяржаўнай бяспекі В.І.Шуляком.

З яго вынікае, што парушэнняў дзейнага заканадаўства ў гісторыі са зваротамі ў КДБ «не ўстаноўлена». Адпаведна, «падстаў для прымянення мер пракурорскага рэагавання няма».
«Я не задаволена такім адказам. Цяпер магу звяртацца ў суд. Але не буду, бо пасля сфабрыкаванага абвінавачання ў дачыненні да майго сына і Дзмітрыя Канавалава, а затым вынясення неправасуднага прыгавору пераканалася ў адсутнасці незалежнага суда ў нашай краіне», — заявіла Кавалёва БелаПАН.

Яна лічыць, што адбыўся «звычайны крадзеж». Гэта тычыцца і зніклых запісаў сына і яго даверанасцяў, якія ён рыхтаваў для маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?