«Пасля нашых сустрэч з людзьмі, калі шмат хто вылечыцца, я спадзяюся, будзе рэакцыя. — кажа Кашпіроўскі. —

І я б хацеў сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, паразмаўляць з ім. Бо я вельмі, вельмі, вельмі люблю і паважаю гэтага чалавека.
Яго могуць называць дыктатарам, але гэта тыя, хто распяў Савецкі Саюз. А распяць Беларусь — аскепак Саюза не ўдалося. Я зайздрошчу беларусам белай зайздрасцю, што ў вас такая краіна»

Так Анатоль Кашпіроўскі адказаў на пытанне журналісткі «Народнай волі» Марыны Коктыш, ці плануе ён сустрэцца з кім-небудзь з кіраўніцтва краіны. Кашпіроўскі прыехаў у Мінск, каб правесці 25 сустрэчаў з беларусамі — 20 бясплатных, 5 — за грошы.

Напярэдадні сустрэчаў, Кашпіроўскі зладзіў прэс-канферэнцыю, дзе цягам гадзіны расказваў пра сваю жыццёвую філасофію і погляды на лекаванне.

У адказ на любое пытанне журналістаў ён расказваў павучальную гісторыю пра чыёсьці цудоўнае адужанне пасля яго сеансаў.

«Гэта не гіпноз. — кажа Кашпіроўскі, які выглядае гадоў на пятнаццаць маладзейшым, чым ёсць насамрэч (а яму 73). —

Я прыехаў карэктаваць змены анатоміі людзей. Бо псіхатэрапеўты займаюцца розумам, а розум — не частка цела».

Амаль увесь час Кашпіроўскі цытуе ўласныя месіянскія афарызмы, якіх у яго «семдзесят тысяч». Гучаць яны так: «я прыйшоў і даў вам святло, але аслепла яшчэ болей, бо за святлом нічога не бачна».

Кашпіроўскі стаў зоркай савецкага тэлебачання ў 1989 годзе. Савецкія людзі глядзелі яго сеансы сем’ямі. Па ўласных падліках Кашпіроўскага, тады ён вылечыў каля 10 мільёнаў чалавек. Часам для ацалення хапае пяці хвілінаў —

напрыклад, для дыстанцыйнай карэкціроўкі носа, якую ён масава ладзіць на сустрэчах
, якія не любіць называць сеансамі. Як і сябе — псіхатэрапеўтам.

Бо псіхатэрапеўты не могуць лячыць алергію, рубцы на сэрцы і іншыя хваробы, напрыклад, варыкознае пашырэнне венаў. «У маёй мамы вены былі як палец, ногі ўсе фіялетавыя, яна прыйшла на мой сеанс у Польшчы, і назаўтра патэлефанавала — прачнулася з абсалютна белымі нагамі».

Такіх гісторый у Кашпіроўскага — не менш, чым афарызмаў.

«Быў выпадак, калі падчас аднаго з маіх тэлевыступаў, я працёр вока — бо слязілася ад грыму. — кажа Кашпіроўскі. — Думаў, гэты момант выражуць. Назаўтра прыляцеў на сеанс у Ташкент, а там — каля сотні людзей з перавязаным вокам, бо паўтарылі тое, што зрабіў па тэлевізары я, і нанеслі шкоду». Расказваў таксама, як

пасля ягоных сеансаў сямідзесяцігадовыя бабулькі прысядалі па семсот разоў, а Басаеў пасля дзевяцігадзіннай гутаркі адпускаў закладнікаў.

Ён скептычна ставіцца да іншай зоркі тых часоў — Алана Чумака, які «зараджаў ваду», бо «вада не зараджаецца».

Міні-сенсацыяй стала прызнанне Кашпіроўскага, што ў першы клас ён пайшоў у Жыровічах.

З прэс-канферэнцыі журналісты выйшлі з устаноўкай на дабро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?