У верасні Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рост ВУП павінен скласці 8,5%, узровень гадавой інфляцыі — 12%. У інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Юрый Алымаў выказаў упэўненасць у дасягненні мэтаў, а таксама расказаў, што будзе з абменным курсам рубля.

— На 2013 год, як і сёлета, мэтавыя арыенціры па абменным курсе не ўстаноўленыя, — сказаў Алымаў.
— Абменны курс будзе фарміравацца зыходзячы з попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку. Купля і продаж замежнай валюты Нацбанкам будуць праводзіцца ў абмежаваным аб’ёме толькі ў мэтах згладжвання кароткатэрміновых ваганняў абменнага курсу.
Але гэта не значыць, што дынаміка абменнага курсу будзе насіць некіраваны характар. Не варта чакаць рэзкай змены курсу.

У наступным годзе Беларусі чакаюць значныя выплаты па знешнім абавязку. Як гэта адаб’ецца на курсе? Алымаў не бачыць падставы для занепакоенасці.

— Выплаты па знешнім абавязку на абменным курсе беларускага рубля не адаб’юцца. У нас назапашана дастаткова валютных рэсурсаў для безумоўнага выканання знешніх абавязацельстваў перад крэдыторамі. Акрамя таго, разам з выплатамі ў наступным годзе запланаваны таксама валютныя паступленні.

Чакаецца атрыманне чарговых траншаў крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Вядзецца праца па прыцягненні ў краіну замежных інвестыцый. З улікам збалансаванасці знешняга гандлю і ўнутранага валютнага рынку гэта дазволіць не толькі пазбегнуць скарачэння, але і нарасціць золатавалютныя рэзервы. Пастаўлена задача па іх павелічэнні па выніках 2013 на $ 0,3–0,7 млрд.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?