Чарговыя парламенцкія выбары, хутчэй за ўсё, будзе праводзіць цяперашні склад Цэнтрвыбаркама, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваецца ў снежні 2016 года.
Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына.
Яна пацвердзіла, што ў нядаўняй гутарцы з журналістамі выказвала нежаданне праводзіць наступныя выбары.
«Я гаварыла пра наступныя парламенцкія выбары, і гэта сапраўды так. Парламенцкая кампанія заўсёды даецца вельмі цяжка, першым чынам, маральна. Гэта, калі так можна сказаць, самыя непрыемныя выбары. З улікам гэтага і прагучала мая думка», — растлумачыла Ярмошына.
Паводле яе слоў, тэрміны паўнамоцтваў гэтага складу Цэнтральнай камісіі «вельмі няўдала» супадаюць з календаром выбараў.
«Калі мы захаваем свае паўнамоцтвы поўны тэрмін, то нам прыйдзецца праводзіць яшчэ і наступную парламенцкую кампанію, пасля чаго — адразу ісці ў адстаўку. Трэба будзе вывучаць пытанне: магчыма, варта памяняць склад ЦВК датэрмінова, даўшы магчымасць праводзіць выбары новаму складу. Хоць, магчыма, кіраўнік дзяржавы з гэтым не будзе згодны і палічыць, што выбары павінны праводзіць людзі спрактыкаваныя», — сказаў кіраўнік ЦВК.

Пры гэтым Ярмошына заўважыла: «Не трэба мае словы, якія былі сказаны адразу пасля выбарчай кампаніі, разумець занадта літаральна

. Бо на гэта накладваюцца абсалютна асабістыя пачуцці, груз перажытага, які не дазваляе быць аб’ектыўным у плане ацэнкі сваіх сіл і магчымасцяў. Праходзіць час, забываецца дрэннае, магчыма, стане больш гарманічным заканадаўства, тады і ў мяне будзе іншае стаўленне».

***

28 верасня Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што сапраўды не ведае, як доўга будзе ўзначальваць Цэнтрвыбаркам. «Я магу сказаць, што тэрмін маіх паўнамоцтваў завяршаецца ў снежні 2016 года. Калі не пашанцуе, прыйдзецца праводзіць і наступныя выбары ў парламент. Яны павінны прайсці якраз у 2016 годзе», — сказала яна.

Лідзія Ярмошына нарадзілася 29 студзеня 1953 года. Старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў яна з’яўляецца са снежня 1996 года. У 2008 годзе Ярмошына дасягнула пенсійнага ўзросту, аднак у снежні 2011-га Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падпісаў указ аб прызначэнні яе старшынёй ЦВК.

Цэнтральная выбарчая камісія дзейнічае на пастаяннай аснове, тэрмін яе паўнамоцтваў складае 5 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?