Несвабоднымі і несправядлівымі назвалі дэпутаты ўсіх фракцый нямецкага бундэстага парламенцкія выбары ў Беларусі.

Абмеркаванне беларускага пытання адбылося 26 верасня па ініцыятыве кіруючай кааліцыі ў складзе хрысціянскіх і свабодных дэмакратаў, паведамляе прэс-служба бундэстага. На думку дэпутатаў,

размова ідзе пра «цынічную інсцэніроўку», «насілле», «запужванне» і «дэкаратыўны парламент», дзе няма ніводнага прадстаўніка апазіцыі.

Фракцыі абмеркавалі перспектывы далейшай палітыкі ў дачыненні да Беларусі: узмацненне санкцый або павелічэнне адкрытасці ў дачыненні да беларускага грамадства.

На думку дэпутата Свабоднай дэмакратычнай партыі Патрыка Курта, галасаванне ў Беларусі супярэчыла ўсім асновам дэмакратычных выбараў. «Сфальсіфікавана ўсё, што можна было сфальсіфікаваць», — заявіў ён. На думку дэпутата, беларускі рэжым яшчэ раз паказаў, што насілле і запужванне з’яўляюцца яго візітнымі карткамі.

Афіцыйны прадстаўнік апазіцыйнай фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі па знешняй палітыцы Рольф Мютцэніх запатрабаваў вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі. У якасці прыкладу ён прывёў сацыял-дэмакрата Мікалая Статкевіча, які балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, быў арыштаваны ў дзень выбараў і на падставе «сумніўнага прыгавору» працягвае знаходзіцца ў турме. На думку Мютцэніха, у выпадку з Беларуссю неабходны ўдзел Расіі, якая робіць вялікі ўплыў на Мінск. Расійскаму ўраду неабходна дакладна даць зразумець, што ў Беларусі ён ставіць на тых, каго «даўно абагнала гісторыя».

Намеснік афіцыйнага прадстаўніка фракцыі ХДС-ХСС па знешняй палітыцы Карл-Георг Вельман заявіў аб «еўрапейскай трагедыі»: рэжым Лукашэнкі ўпусціў час правесці рэформы і прывесці краіну ў «еўрапейскую сучаснасць».
Замест гэтага насаджаюцца прынцыпы «каманднай эканомікі савецкага ўзору». Вельман выказаў сумненне, што ўведзеныя Еўрасаюзам санкцыі даказалі сваю эфектыўнасць і што іх узмацненне пойдзе на карысць. Рэжым у Мінску прыме іх як непазбежнасць — «з чыстай цікавасці да захавання ўлады». Дэпутат прапанаваў выдзяляць больш сродкаў на праграмы абмену і стыпендыі беларускім студэнтам.

Калега Вельмана з фракцыі Левай партыі Вольфганг Герке заклікаў да максімальнай адкрытасці ў дачыненні да беларускага грамадства. У гэтым кантэксце ён заклікаў згадзіцца з правядзеннем у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі-2014. «Калі мумія апынецца на паветры, яна рассыплецца», — заявіў ён, маючы на ўвазе рэжым у Мінску.

Дэпутат фракцыі Саюз-90/Зялёныя Віёла фон Краман-Таўбадэль назвала забюракратызаванай працэдуру атрымання беларусамі шэнгенскіх віз, а самі візы для большасці грамадзян краіны занадта дарагія.

«Давайце запросім іх пазнаёміцца з нашым дэмакратычным грамадствам», — заклікала прадстаўнік фракцыі па пытаннях знешніх адносінаў ЕС. Санкцыі супраць рэжыму і яго прадстаўнікоў дэпутат лічыць неабходным захаваць. Яна раскрытыкавала навучанне беларускіх сілавікоў нямецкай паліцыяй і заявіла, што знешнепалітычная дзейнасць МУС Германіі патрабуе больш кантролю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?