Афіцыйны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка прыбыў на выбарчы ўчастак разам з малодшым сынам Мікалаем. Гэта ўчастак № 476 Старавіленскай выбарчай акругі № 105, размешчаны ў Акадэміі фізкультуры.

Тут балатуецца дзейны дэпутат Мікалай Самасейка.

Лідар лібералаў Анатоль Лябедзька і сябар Партыі БНФ Яўген Рыбакоў знялі свае кандыдатуры.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь праводзіць выбары для сябе, а не для Захаду, а таксама, што рашэнне шэрагу палітыкаў зняцца з выбараў сведчыць пра іх неадпаведнасць як палітыкаў, паведамляе БелТА.

Ён ужо не раз у раздражнёным тоне згадваў пра байкот выбараў, якія праводзіць незалежнае грамадства.

Ён адзначыў, што «асноўнае шоу заўсёды пачынаецца пасля выбараў, заўсёды ўсякія глупствы ў нас пачыналіся пасля абвяшчэння вынікаў», калі «знаходзіліся тыя, хто пачынаў абурацца».

Гаворачы аб цяперашняй кампаніі, Лукашэнка падкрэсліў: «Калі ўжо на гэты раз хтосьці ўсумніцца ў выбары беларускага народа, то я нават ужо і не ведаю, як тады выбары праводзіць.

На пытанне польскага тэлебачання, чаму «выбары праходзяць сумна», Лукашэнка адказаў: «Тое, што вы кажаце, што выбары ў нас праходзяць сумна і спакойна, так хай нам зайздросцяць. У цывілізаванай дзяржаве, дзе жыве цывілізаваны народ, яны і павінны праходзіць такім чынам. Рэвалюцыі нам не патрэбныя«.

На словы яшчэ аднаго польскага журналіста аб тым, многія замежныя назіральнікі ўжо цяпер кажуць пра несумленнасці выбараў, Лукашэнка заўважыў: «Перадайце сваім польскім назіральнікам і тым, хто ў вас выбары праводзіць, хай павучацца ў Беларусі выбары праводзіць».

Фінская журналістка пацікавілася, ці не лічыць Аляксандр Лукашэнка, што, калі людзі мала галасуюць, гэта азначае недавер уладзе. На што той адказаў: у Беларусі галасуюць у два разы больш, чым у Фінляндыі. «Але калі народ мала галасуе, гэта азначае, што ён не верыць у сваю дзяржаву, не верыць уладзе», — пагадзіўся Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?