Хвалю парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да прыхільнікаў апазіцыі і журналістаў у Беларусі «Міжнародная амністыя» расцэньвае як «нязграбную спробу задушыць апазіцыйныя галасы» напярэдадні парламенцкіх выбараў.

У заяве гэтай праваабарончай арганізацыі пералічаны апошнія выпадкі затрымання і судовага пераследу маладзёжных актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». «Міжнародная амністыя» таксама ўказвае на затрыманне групы журналістаў, якія 18 верасня асвятлялі пікет, арганізаваны ў цэнтры Мінска кампаніяй «Гавары праўду!».

Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады «старанна і непрадузята» праверыць інфармацыю аб тым, што журналістаў затрымлівалі з «празмерным ужываннем сілы», і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

«Выкарыстанне адміністрацыйных затрыманняў з’яўляецца яшчэ адной спробай прымусіць замоўкнуць апазіцыю ў Беларусі.
Магчымасць ажыццяўляць сваё права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў мае важнае значэнне для стварэння ўмоў, у якіх людзі могуць удзельнічаць у выбарчым працэсе, не баючыся запалохванняў ці рэпрэсій», — заявіў намеснік дырэктара праграм «Міжнароднай амністыі» для Еўропы і Цэнтральнай Азіі Давід Дыяс-Жаж’е.

У заяве таксама адзначаецца, што шэраг кандыдатаў у дэпутаты парламента зняліся з выбараў, растлумачыўшы гэта адсутнасцю пазітыўных змяненняў у выбарчым працэсе ў Беларусі.

«З прэзідэнцкіх выбараў 2010 года „Міжнародная амністыя“ назірае беспрэцэдэнтнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Улады безупынна вядуць кампанію па пераследзе і запалохванні праваабаронцаў, апазіцыі, грамадскіх актывістаў па ўсёй краіне», — падкрэсліваецца ў заяве арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?