Прапанаваныя тэмпы росту эканомікі ў 2013 годзе будзе забяспечваць надзвычай цяжка, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 11 верасня падчас даклада ўрада і Нацбанка Аляксандру Лукашэнку аб працы эканомікі за мінулы перыяд 2012 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год.

Асаблівая складанасць звязана з нізкімі прагназаванымі тэмпамі росту ў 2013 годзе ў асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі,
заявіў прэм’ер-міністр, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта. У прыватнасці, паводле звестак Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду, параўнальна невысокія тэмпы росту плануюцца ў партнёраў па Мытным саюзе, а ў ЕС чакаецца рэцэсія.

Тэмп прыросту валавога ўнутранага прадукту павінен скласці 8,5%, экспарту тавараў і паслуг — 15,2%, станоўчае сальда знешняга гандлю — 0,7% ад ВУП, або 500 млн. долараў, прырост інвестыцый у асноўны капітал — 6%, увод жылля — 6,5 млн. кв. м.

Як адзначыў Мясніковіч, усе паказчыкі значна вышэй за планавыя заданні гэтага года, аднак недастатковыя для раўнамернага на працягу трох наступных гадоў выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку.

Каб выканаць планавыя заданні па дасягненні станоўчага сальда і росту ВУП, у 2013 годзе неабходна 65% усёй вырабленай прамысловай прадукцыі і 20% сельскагаспадарчых тавараў прадаць на экспарт.
У Беларусі доля экспарту ў ВУП складае 84%, «што характарызуе адкрытасць эканомікі». У ЗША гэта паказчык роўны 13%, у Індыі — 22%, Кітаі — 27%, Расіі і Вялікабрытаніі — прыблізна 30%, Польшчы — 42%, ва Украіне — 50%. Аднак гэтыя краіны, у адрозненне ад Беларусі, могуць дазволіць сабе стымуляваць эканоміку, павялічваючы ў тым ліку ўнутраны попыт.

Урад плануе выканаць прагноз 2013 года за кошт забеспячэння пяці базавых умоў: апераджальны рост прадукцыйнасці працы адносна тэмпаў росту рэальнай заработнай платы (109,3 і 107,1% адпаведна), забеспячэнне станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі (не менш за 0,7% ВУП), бездэфіцытны бюджэт без росту ўнутранага доўгу і эмісіі для фінансавання наяўных расходаў, падтрыманне станоўчай стаўкі рэфінансавання, прыцягненне ў краіну не менш як 4,5 млрд. долараў валютных рэсурсаў па фінансавым рахунку плацежнага балансу, найлепш у выглядзе прамых замежных інвестыцый.

«Давайце дамовімся: галоўнае — гэта экспарт, — сказаў Лукашэнка. — У нас калісьці была формула: экспарт — жыллё — харчаванне.

Два з гэтых кірункаў перасталі быць найважнейшымі. Застаецца экспарт. Ад яго залежыць усё: 85% мы павінны вывезці за межы краіны, прадаць па добрай цане, каб забяспечыць нармальнае жыццё. Гэта наш галоўны, найважнейшы прыярытэт. Таму ніякіх патрабаванняў і стогнаў наконт таго, што ўжо занадта жорсткія даведзены заданні ўрадам, быць не павінна. Адзінае, што будзем разглядаць, каб гэта было справядліва».

У 2013 годзе за кошт прыросту экспарту павінна быць забяспечана амаль 2/3 прыросту ВУП. Урад прапануе тэмпы росту экспарту як мэтавы ацэначны паказчык давесці да кожнага суб’екта гаспадарання з доляй дзяржаўнай уласнасці. Гэтыя параметры звязаны з рэгіянальна-краінавымі заданнямі, якія даведзены да замежных устаноў.

У 2013 годзе ад экспарту тавараў трэба атрымаць не менш як 53 млрд. долараў пры чаканых у 2012 годзе 45 млрд.
Улічваючы, што доля прамысловасці ў таварным экспарце без прадукцыі сельгасперапрацоўкі складае 90%, менавіта на яе кладзецца асноўная задача па рэалізацыі экспартнай стратэгіі. Таму на падтрымку экспарту ў рэспубліканскім бюджэце на 2013 год запланавана ў тры разы больш сродкаў, чым у гэтым, што дазваляе павялічыць аб’ём экспартнага крэдытавання да 0,5 млрд. долараў. З 1 студзеня 2013 года плануецца паскорыць вяртанне ПДК з бюджэту для экспарцёраў. Гэтыя прапановы ўрад заклаў у праект Падатковага кодэкса.

Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі плануецца павялічыць на 12%: з 4,8 млрд. долараў паводле ацэнкі 2012 года да 5,4 млрд. у 2013 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?