Міладоўскі (стаіць першы справа) сярод членаў рэвалюцыйнай арганізацыі ў Санкт-Пецярбургу. 1861 год.

Міладоўскі (стаіць першы справа) сярод членаў рэвалюцыйнай арганізацыі ў Санкт-Пецярбургу. 1861 год.

Рэдка хто сёння ўспамінае падзеі далёкага 1863 года. Хто возьмецца сказаць, дзе сапраўды ляжалі сцежкі, па якіх 150 годоў таму хадзілі паўстанцы Кастуся Каліноўскага. На ніводнай карце не пазначаныя мясціны, звязаныя з падзеямі паўстання.

Сумна і тое, што не кожны чалавек у нашай краіне ведае пра тое паўстанне — сумесную барцьбу беларускага, літоўскага і польскага народаў за аднаўленне сваёй дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Імёны удзельнікаў паўстання забытыя. Мабыць,

акрамя Каліноўскага, Серакоўскага, Дамброўскага, Урублеўскага больш імёнаў на слыху і няма. А як жа ўсе тыя, хто мужна змагаўся ў лясах Літвы, Беларусі, Польшчы?
Несправядліва забываць імёны тых, хто праявіў асабістую адвагу і мужнасць у барацьбе за незалежнасць Айчыны, а пасля правалу паўстання выпрабаваў на сабе ўсе цяжкасці сібірскай катаргі. Чаму гэта так? Бо спачатку імперскай, потым савецкай ідэалогіі былі не патрэбны імёны змагароў за адраджэнне нацыянальнай дзяржавы.
Прапаную Вам, паважаныя чытачы, пазнаёміцца з адным з забытых герояў — Вітаўтам Багумілам Міладоўскім, атрад паўстанцаў якога дзейнічаў на Ляхаўшчыне.
Нарадзіўся Вітаўт ці, у польскай традыцыі, Вітольд у 1837 годзе,
дакладнае месца нараджэння невядома, але усе сцежкі даследаванняў вядуць у фальварак Ядліны Дараўскай воласці Навагрудскага павета (цяпер Ляхавіцкі раён),
які доўгі час налёжаў Міладоўскім. Цяпер месца былога фальварка называецца Міладоўшчына. Па запавеце бацькі Вітольд вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, але ў 1858 годзе кінуў яго і паступіў у інжынернае вучылішча, а затым інжынерную акадэмію Санкт-Пецярбурга. Там Вітольд уступіў у падпольную арганізацыю пад кіраўніцтвам Серакоўскага і Дамброўскага. Не лёс было стать Міладоўскаму інжынерам.
У красавіку 1863 года Міладоўскі вяртаецца дадому і бярэ на сябе кіраўніцтва паўстанцамі Навагрудскага павета.
Іх было 130. Месцам дыслакацыі атрада Вітаўт абірае родныя мясціны, дзе шумелі стогадовыя бары і лясы. А раслі яны на сотні вёрст! Вузкія сцежкі блукалі сярод дубоў-волатаў, ішлі ў Налібокі на поўнач і да Белавежы на поўдзень.
Царскі палкоўнік Клавер даносіў губернатару пра смелыя дзеянні атрада Міладоўскага. У лютай бітве з царскімі войскамі пад Мілавідамі паўстанцы атрымалі безумоўную перамогу.
Напрыканцы мая атрад зноў уступіў у бой з карнікамі. На гэты раз месца бітвы было паміж вёскамі Крывошын і Мядзведзічы. Падчас таго жорстага супрацьстаяння атрад панёс вялікія страты, але і царскае войска значна пацярпела ад шаблі і кулі паўстанцаў. Да глыбокай восені атрад яшчэ блукаў па Ляхаўскіх лясах, чыніў шкоду царскім войскам. Надыходзіла зіма, нельга было ўжо заставацца ў лесе. Міладоўскі вырашае весці атрад пад Навагрудак.
Па дарозе паўстанцы трапілі ў пастку, якую зрабілі карнікі на падставе даносу здрадніка.
Амаль увесь атрад загінуў, але яго кіраўніку, Вітольду Міладоўскаму, пашанцавала, бо ён цудам застаўся жывым.
Вітольда, як кіраўніка атрада, завочна прыгаварылі да смяротнага пакарання.

На той час паўстанне фактычна ўжо было задушана ўладай і 26-гадовы Міладоўскі не ведаў што рабіць далей. Яму на дапамогу прыйшоў даўні сябар Аляксандр Тупальскі, які меў маёнтак Крутоўка каля Сваятыч (Ляхавіцкі раён). Надзейны таварыш прыняў нелегальнага госця, схаваў, падказаў патрэбных людзей.

У Міладоўскага было два шляхі: першы — за мяжу, другі шлях — гэта працягваць барацьбу і прабівацца на ўсход, дзе яшчэ змагаліся паўстанцы.
Вітольд абраў для сябе другі шлях — шлях сапраўднага патрыёта. Некалькі дзён ён правёў у сядзібе сябра. Потым жыў у лесніка Антося. Да Вітольда са Сваятыч прыехаў Міхал Гржыбоўскі, які паабяцаў дастаць пашпарты. Сваё абяцанне ён стрымаў: праз тры дні прывёз дакументы з Мінска. Ляснік Антось патаемнымі сцежкамі адвёз Вітольда ў Мір, дзе Міладоўскі наняў фурманку і дабраўся да Рагачова. Там яго і схапілі. Адбылося гэта 22 лістапада 1863 года.

А цяпер звернемся да дакументальных звестак, у прыватнасці да пратаколу допыту Міладоўскага. «1864 г. Марта 22. — Показания прапорщика В. Миладовского в Виленской особой следственной комиссии о выезде офицеров из Петербурга для участия в восстании и повстанческом движении в Новогрудском. Миладовский, 27 лет, католик, уроженец Минской губернии Новогрудского повета, недвижимой собственности не имел, показал: «Усё, што аб’яўлена мною пры апошніх допытах у прысутнасці рагачоўскага спраўніка адносна майго паходжання, выхавання, надання афіцэрскага звання, тое дакладна, акрамя таго, што акадэмію я пакінуў самавольна ў красавіку 1863 года». Пасля быў суд і сібірская катарга, дзе і губляюцца сляды змагара за Айчыну Вітольда Міладоўскага.

Даўно мінуў той час, амаль ніхто са змагароў не вярнуўся з катаргі на радзіму.

Фальварак Міладоўскіх прыйшоў у заняпад, зарос лесам. Толькі на пачатку ХХ стагоддзя нашчадкі роду адрадзілі гаспадарку.
Быў збудаваны дом, раскінуўся парк з алеямі і сажалкамі... Але і сёння там ніхто не жыве, застаўся толькі невялічкі астравок дрэваў сярод палеткаў. Вельмі прыгожая мясціна!

Вось такая жыццёвыя гісторыя аднаго з тысячы змагароў 1863-га. Яны ахвяравалі сваім жыццём і свабодай дзеля таго, каб наша Бацькаўшчына была вольнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?