Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональд Пофала патэлефанаваў сёння Ірыне Халіп.
Пра тое, як прайшла размова з міністрам, асуджаная журналістка «Новой газеты», жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп распавяла сайту charter97.org:
«У пачатку размовы спадар Пофала павіншаваў мяне з прэміяй Хермана Кестэна, якую прысудзіў нямецкі ПЭН-цэнтр. Затым падрабязна распытаў пра праваабмежаванні. Міністр нават уявіць сабе не мог, што да мяне па начах прыходзіць міліцыя, часам па некалькі разоў, што, дэ-юрэ знаходзячыся на волі, я фактычна пад хатнім арыштам.Ён цікавіўся, як перажывае сын гэтыя начныя візіты, і пажадаў сіл і мужнасці. Акрамя таго, спадар Пофала сказаў, што ад таго, як абыходзяцца з намі, шмат у чым будуць залежаць далейшыя адносіны паміж Германіяй і Беларуссю. «Гэта бязмежжа», — сказаў ён пасля аповяду пра тое, што адбываецца ў нашым паўсядзённым жыцці з-за пастаяннага ціску і ўмяшання ўлад.
Так што пакуль ніякіх магчымасцяў для «размарожвання» адносін міністр не бачыць. Ён падкрэсліў, што мая пазыцыя ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі цалкам супадае з яго асабістай, а таксама з афіцыйнай пазіцыяй Берліна.Міністр сказаў, што вельмі хацеў бы прыехаць у Беларусь і асабіста сустрэцца са мной, але пакуль не вызвалены і — гэта ён асабліва падкрэсліў — не рэабілітаваны апошні палітвязень, ніякіх паездак і ніякіх афіцыйных кантактаў быць не можа — толькі палітыка санкцый.
Дарэчы, я распавяла міністру, учора шляхам правакацый рэжым спрабаваў прадэманстраваць, што праслухоўвае ўсе тэлефонныя размовы — мне жа цалкам адкрыта тэлефанавалі з нямецкай амбасады, каб удакладніць час званка з Берліна. І, вядома, рэжым не мог змірыцца з тым, што федэральны міністр Пофала тэлефануе мне, а не Лукашэнку ці якому-небудзь Макею. Безумоўна, я вельмі кранутая гэтым званком і выказанай у ім жорсткай пазіцыяй у адносінах да беларускага рэжыму. Спадзяюся, што сітуацыя зменіцца хутка, і я змагу асабіста падзякаваць міністра за падтрымку».
Дарэчы, беларускі КДБ спрабаваў сваімі звыклымі ідыёцкімі метадамі сарваць размову Рональда Пофалы з Ірынай Халіп:
роўна ў 10.30 — прызначаны час званка з Берліна — на яе мабільны тэлефон пачалася 40-хвілінная атака: бясконцыя званкі са схаванага нумара, якія выключаюць магчымасць датэлефанавацца да абанента.Але званок з Берліна раздаўся на адну хвіліну раней, чым запусцілася атака. Раней КДБ ужо выкарыстоўваў падобныя напады на тэлефоны рэдактара charter97.org Наталлі Радзінай, журналісткі «Народнай волі» Марыны Коктыш, самой Ірыны Халіп і галоўнага рэдактара «Новой газеты» Дзмітрыя Муратава.
Ірына Халіп была арыштаваная ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года і прысуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.