Апоўдні 30 жніўня на працу да маці Паўла Еўціхіева прыйшлі двое мужчын у цывільным і запатрабавалі праехаць дадому па справе сына. Каля пад’езда іх чакалі яшчэ чацвёра, на думку жанчыны, супрацоўнікаў КДБ.
Яны падняліся ў кватэру і ў яе прысутнасці дапыталі Паўла.
Іх цікавілі стасункі з нейкім Раманам (верагодна Пратасевіч) і дачыненне да інтэрнэтаўскай суполкі «Вконтакте» «Ляпис Трубецкой — бесплатный концерт в Минске». Пыталіся яны таксама і пра паролі ад суполкі. На ўсе пытанні Павел адказваў:
«Не ведаю нікога і нічога, а пра сяброў сведчыць не буду».
Праз некаторы час былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУСа Мінска, якія забралі з сабой Паўла і ягоны хатні камп'ютар. На пярэчанні маці ёй прад’явілі пасведчанне на імя капітана міліцыі Аляксандра Макарава. Ніякіх папераў пры гэтым не складалася.
Таксама затрыманыя Раман Пратасевіч, Андрэй Ткачоў, Сяргей Бяспалы і некалькі іншых людзей, якія адміністравалі суполкі «Ляпис Трубецкой — бесплатный концерт в Минске», «Надоел нам этот Лукашенко» ў сацыяльных сетках.