Кіраўніцтва ЦВК Беларусі і прадстаўнікі місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, якія прыбылі ў Мінск, абмеркавалі раніцай 21 жніўня пытанні ўзаемадзеяння на парламенцкіх выбарах. Журналісты на сустрэчу не запрашаліся.

Як паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік, БДІПЧ на сустрэчы прадстаўлялі кіраўнік місіі Антоніо Мілашоскі, яго намеснік Дональд Бісон, аналітык па выбарах Зоран Лучыч і дарадчык дэпартамента па выбарах Бюро Рычард Лапкін.

«Кіраўнік місіі прапанаваў нам штотыднёва сустракацца і абмяркоўваць пытанні, якія ўзнікаюць», — сказаў Лазавік. Ён таксама паведаміў, што падчас сустрэчы старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўручыла прадстаўнікам місіі 12 пасведчанняў міжнародных назіральнікаў.

Такім чынам, адзначыў Лазавік, Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў ужо 33 назіральнікі місіі БДІПЧ АБСЕ. Яшчэ 21 пасведчанне будзе ўручана пасля прыезду ў Беларусь астатніх назіральнікаў. Плануецца, што ў місію БДІПЧ увойдуць 36 доўгатэрміновых і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Паводле слоў сакратара ЦВК, Ярмошына праінфармавала кіраўніцтва місіі БДІПЧ аб выбарчым заканадаўстве Беларусі і ходзе падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў.

Мілошскі, са свайго боку, паведаміў аб намеры місіі вывучыць працу не толькі ЦВК, але і акруговых участковых камісій, сустрэцца з суб’ектамі выбарчага працэсу і адсочваць працу СМІ па асвятленні выбараў.

Кіраўнік місіі, паводле слоў Лазавіка, выказаў падзяку ЦВК за заўвагі па тэксце справаздачы місіі ацэнкі патрэб назірання, якая знаходзілася ў Беларусі некалькі тыдняў таму.

22 жніўня прадстаўнікі місіі БДІПЧ АБСЕ плануюць правесці ў Мінску прэс-канферэнцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?