Сяргей Башарымаў і Анітон Сурапін.

Сяргей Башарымаў і Анітон Сурапін.

Сёння, 13 жніўня, спаўняецца месяц, як быў затрыманы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, 20-гадовы Антон Сурапін, які першым на сваім сайце bnp.by выклаў фатаздымкі плюшавых мядзведзікаў, скінутых з самалёта над Івянцом 4 ліпеня. Антона Сурапіна затрымалі 13 ліпеня ў Мінску, на кватэры, якую ён здымаў.

7 жніўня КДБ афіцыйна заявіў, што заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце.

Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства, заяўляе КДБ, затрыманыя грамадзяне Беларусі 20-гадовы журналіст Антон Сурапін, які першым на сваім сайце апублікаваў фатаздымкі скінутых з самалёта плюшавых мядзведзяў і 26-гадовы рыэлтар Сяргей Башарымаў [затрыманы 6 ліпеня], які, як мяркуецца, здаваў кватэру шведам у Мінску.

Сурапіну і Башарымаву прад’яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамаганне ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Беларусі) КК, што караецца зняволеннем да 7 гадоў.

10 жніўня КДБ накіраваў арганізатарам плюшавага дэсанту — грамадзянам Каралеўства Швецыі Пэру Кромвелу, Томасу Мазэці і Ханне Ліне Фрэй — афіцыйныя позвы ў сувязі са следствам у справе парушэння беларускай паветранай мяжы 4 ліпеня. У позвах гаворыцца, што гэтыя асобы павінны з’явіцца для правядзення следчых дзеянняў у 10-дзённы тэрмін. Пры сабе неабходна мець пашпарт або іншае пасведчанне асобы.

Зазначым, што журналісты ладзяць акцыі падтрымкі Антона Сурапіна. З плюшавым мядзведзем на руках сфатаграфаліся больш за тры дзясяткі калегаў Сурапіна, а ягоныя аднакурснікі збіралі грошы на аплату паслуг адваката.

У сераду, 8 жніўня, за фатаграфанне з плюшавым мядзведзем у цэнтры Мінска супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя журналісткі Юлія Дарашкевіч і Ірына Козлік («Комсомольская правда» в Беларуси»), іх абвінавацілі ў незаконным пікетаванні (паводле сведкаў-міліцыянтаў на судзе, «у іх быў мядзведзь і яны з ім размаўлялі»), ноч дзяўчаты правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, а наступны дзень аштрафаваныя судом Савецкага раёна на 3 млн рублёўт кожная (максімальная санкцыя паводле гэтага артыкула КоАП — 15 сутак).

***

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?