Ужо не раз гаварылася, што Беларусь мае патрэбу ў пераацэнцы кадастравага кошту зямлі, і нарэшце дзяржаўная машына заварушылася.

— Рашэнне аб пераацэнцы кадастравага кошту зямлі Мінска і Мінскага раёна ўжо прынятае мясцовай уладай, але яшчэ не заказанае ў нас. Цяпер рыхтуюцца праекты дамоваў на работу па правядзенні пераацэнкі. Потым Нацыянальнае кадастравае агенцтва пачне працу, вынікі якой павінная будзе зацвердзіць выканаўчая ўлада. Таму дадзеная працэдура зойме як мінімум месяц, бо гэта не простая працэдура, асабліва ў сталіцы, — растлумачылі ў Дзяржкаммаёмасці Беларусі.

Варта адзначыць, што калі кадастравы кошт зямлі пасля пераацэнкі ўзляціць уверх, то ўзляціць таксама і падатак на зямлю, і арэнда. Акрамя таго, гэта можа выклікаць падаражэнне жыллёвага будаўніцтва, бо арэнда зямлі закладваецца ў каштарыс падчас будаўніцтва.

Кадастравая «інвентарызацыя» зямель праводзіцца ў Беларусі раз на пяць гадоў. Апошні раз гэтая працэдура выконвалася па ўсёй краіне ў 2010 годзе. Выключэнне тады склалі некалькі раёнаў, у тым ліку і Мінскі.

Нагадаем, што кадастравы кошт зямлі разлічваецца ў залежнасці ад узроўню развіцця рынку нерухомасці ў рэгіёне, наяўнасці інфраструктуры і іншых параметраў. Між тым пры выстаўленні зямлі на аўкцыёны выканкамы маюць права прызначаць і сваю цану ў залежнасці ад попыту на канкрэтны зямельны ўчастак.

Зрэшты, да нядаўняга часу стартавая цана ўчасткаў на аўкцыёнах прызначалася, як правіла, зыходзячы з яе кадастравага кошту. Але цяпер выканкамы вырашылі перагледзець сваю зямельную палітыку. У выніку стартавая цана на некаторыя зямельныя ўчасткі на аўкцыёне ў ліпені ўжо вырасла ў два разы і больш.

— Ніякіх рэзкіх скокаў цэн мы не назіраем, — сказалі ў землеўпарадкавальнай службе Мінаблвыканкама.

І гэта зразумела, бо кошт падскочыў толькі на самыя запатрабаваныя ўчасткі зямлі ў Мінскай вобласці (Смалявіцкі раён (зямля каля Кургана Славы), Мінскі раён (Бараўляны) і г.д.). Гэта абумоўлена тым, што землеўпарадкавальныя службы спрабуюць адфільтраваць занадта вялікую колькасць людзей, якія жадаюць купіць участкі, а заадно пазбавіцца ад тых, хто, выкарыстоўваючы прарэхі ў заканадаўстве, наўмысна зрывае аўкцыёны. Яны падымаюць кошт да той мяжы, пакуль усе прэтэндэнты не здадуцца, а потым і самі адмаўляюцца ад куплі пры наступным кроку. Як кажуць у народзе, ні сабе ні людзям. У выніку аўкцыён прызнаецца несапраўдным, і смачныя ўчасткі зямлі месяцамі, а то і гадамі застаюцца непрададзенымі.

Па стане на 31 ліпеня 2012 самыя дарагія ўчасткі зямлі ў Мінскім раёне — гэта прылеглыя да кальцавой дарогі (Бараўляны, Ждановічы, Сенніца), стартавы цэннік на якія даходзіць ужо да 400 мільёнаў рублёў.
Самыя танныя ўчасткі ў Мінскім раёне можна знайсці ў Юзуфаўскім і Гаранскім сельсаветах, стартавая цана якіх пачынаецца ад 11 мільёнаў рублёў.

Аднак пакуль складана сказаць, як зменіцца сітуацыя пасля кадастравай пераацэнкі зямлі. Чыноўнікі не выключаюць, што яна можа застацца і ў межах ранейшага кошту, але гэта вельмі і вельмі малаверагодна, улічваючы, што апошняя пераацэнка рабілася аж у 2005 годзе, і за мінулыя 7 гадоў інфляцыя істотна адкарэктавала кошт нерухомасці ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?