Генадзь Пальчык распачаў перадвыбарчую кампанію задоўга да выбараў. Першая сустрэча з патэнцыйнымі прыхільнікамі адбылася яшчэ ў траўні. А на мінулым тыдні па Ясенінскай акрузе была зарэгістравана ягоная ініцыятыўная група. Яе колькасць уражвае — 214 супрацоўнікаў сферы адукацыі.
Генадзь Пальчык з’яўляецца дырэктарам Нацыянальнага Інстытута адукацыі, раней быў дырэктарам Ліцэя БДУ.Ён таксама з’яўляецца навуковым кіраўніком падпраграмы «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі» на 2011–2015 гады.
25 траўня настаўнікаў мінскай гімназіі № 61 сабралі ў актавай зале, на якой Пальчык заявіў пра свае палітычныя амбіцыі і распавёў пра новыя педагагічныя распрацоўкі ягонага інстытута.
Пра ягоныя дасягненні ў чэрвені пісала «Народная газета», а таксама «Вячэрні Мінск». У апошняй адзначалася:
«Генадзь Пальчык кіруе не простанавукова-даследчым інстытутам, а цэлай галіной сістэмы адукацыі. Калегі называюць яго чалавекам з размахам. Ён не баіцца пераўтварэнняў і здольны выслухаць розныя, нават самыя смелыя прапановы».
Зараз ягоная ініцыятыўная група зарэгістравана па Ясеніскай выбарчай акрузе № 100 у Мінску. Паводле назіральнікаў, нават чальцы камісіі здзівіліся колькаснаму складу групы — 214 чалавек, з іх толькі два чалавекі — калегі па інстытуце, астатнія — настаўнікі мінскіх школ, выкладчыкі БДУ.
Разам з ініцыятыўнай групай Пальчыка па гэтай акрузе зарэгістравана група старшыні партыі АГП Анатоля Лябедзькі і старшыні Мінскай гарадской арганізацыі партыі «Справядлівы свет» Іны Палёгенькай.
Нагадаем, што паводле Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь агітацыя павінна пачынацца ад моманту рэгістрацыі кандыдата і сканчвацца за адзін дзень да выбараў — 22 верасня.