Марозіва, сокі і воды — найлепшыя прыклады сезонных прадуктаў. Продаж гэтых тавараў расце ў маі і падае толькі ў верасні. Таму спякотны ліпень для вытворцаў — кульмінацыя года. На прылаўках прадстаўлена шмат марак, таму купец мае выбар, каму з вытворцаў аддзячыць рублём. Хто самыя заўважныя гульцы на рынку водаў?

«Дарыда». Завод — Ждановічы, Мінскі раён

Доўгія гады лідарам па продажах лічылася прыватная кампанія «Дарыда» на чале з Уладзімірам Дзялендзікам.
Яго біяграфія падобная да лёсу многіх бізнэсоўцаў пачатку 1990-х. Нарадзіўся ў 1952 у вёсцы на Салігоршчыне, працаваў слесарам, а пасля інжынерам, з развалам Савецкага Саюза стварыў сваю кампанію. «Дарыда», заснаваная ў 1992, займалася аптовым гандлем і грузаперавозкамі. Кампанія з офісам у Ждановічах была афіцыйным дылерам МАЗа. Толькі ў 1997 Дзялендзік заняўся мінеральнай вадой. Па яго словах, выбар профілю быў выпадковым. Для офіса была патрэбная вада, а ў зробленай па суседстве свідравіне яна аказалася высокай якасці, падобнай да «Баржомі». З таго часу «Дарыда» стала спецыялізавацца на водным бізнэсе.
Вышэйшую адукацыю Дзялендзік атрымаў толькі ў 43 гады, калі скончыў сумнеўную філію Кіеўскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў Крывым Рогу.
Неўзабаве ў кішэні аказаўся другі дыплом, выдадзены грамадскай арганізацыяй Міжнародная акадэмія інфарма-цыйных тэхналогій.

Справы Дзялендзіка тым часам ішлі ўгару не толькі ў навуковым плане. Ад 2000 ён на два тэрміны абіраўся у палату прадстаўнікоў, атрымаўшы дэпутацкую недатыкальнасць. Паход бізнэсоўцаў у палітыку выклікаў незадаволенасць Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што ў парламенце павінны быць усе слаі грамадства, апроч камерсантаў. Выйсце была знойдзена, бізнэс аказаўся ў руках сям’і.

Дырэктарам «Дарыды» стала жонка Ганна Дзялендзік, а заснавальнікам кампаніі — дачка Наталля, якая атрымала адукацыю за мяжой. Лёс сына мільянера быў трагічным, ён не дажыў да паўналецця.

У 2000-я абароты «Дарыды» моцна раслі, прадукцыя пайшла на экпарт. У прыватнасці, у кампаніі моцныя пазіцыі ў Прыбалтыцы. Хапала грошай і на дабрачыннасць — Дзялендзік дапамагаў дзіцячым дамам, музеям і царкве, за што атрымаў ордэн Кірылы Тураўскага. Апроч таго, мільянер стварыў прыватны футбольны клуб, які праіснаваў дзевяць гадоў, прычым ад 2003 да 2008 «Дарыда» гуляла ў вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі. Праўда, скончылася гісторыя не па-спартыўнаму. Дзялендзік быў перакананы, што Беларуская федэрацыя футбола выжывае ягоную каманду з чэмпіянату, таму суддзі наўмысна прымаюць рашэнні не на карысць яго каманды. У выніку «Дарыда» была распушчана, а стадыён у сталічным мікрараёне Кунцаўшчына прададзены мінскаму «Дынама» Юрыя Чыжа.

Мінскі завод безалкагольных напояў («Мінская», «Бела-Кола», «Мультытэль»).

Завод, заснаваны яшчэ ў 1966, быў выведзены са складу дзяржаўнага канцэрна «Белдзяржхарчпрад». Ягоным кіраўніком бяззменна застаецца адзін з апошніх «чырвоных дырэктараў» Анатоль Арцюхоўскі. Дарэчы, сын дырэктара, Дзмітрый узначальвае аддзел маркетынгу завода.

На пачатку 2012 антыманапольнае ўпраўленне Мінгарвыканкама ўключыла завод у спіс кампаній, якія займаюць дамінуючае становішча на гандлёвых рынках Мінска.
Гэта значыцца, яго доля на рынку ў пазіцыі «мінеральная вада» перавышае 65%.

Насуперак сваёй назве, завод не грэбуе зарабляць і на вытворчасці алкаголя, у тым ліку моцнага — віна, каньяку, віскі… Да нядаўняга часу кампанія з’яўлялася адным з найбуйнейшых вытворцаў слабаалкагольных джын-тонікаў.

Як прадпрыемства набліжанае да дзяржавы, завод не адмаўляецца і ад падтрымкі калгасаў. У сельскагаспадарчае прадпрыемства «Вілія-Агра», па словах Арцюхоўскага, давялося ўкласці каля $7 мільёнаў.

«Кока-кола» (BonAqua, Sprite, Fanta, Schweppes, «Фруктайм»). Завод — Калядзічы, Мінскі раён.

Адзін з рэдкіх паспяховых прыкладаў працы сусветнай карпарацыі ў Беларусі. «Кока-кола» прыйшла ў Беларусь у 1994 як партнёр Мінскага завода безалкагольных напояў, а праз тры гады арганізавала ўласную вытворчасць каля сталіцы. Цяпер завод мае філіі ва ўсіх абласных цэнтрах, Баранавічах і Бабруйску.

Уласнікам завода з’яўляецца кампанія «Кока-кола Беўрыджыс Беларусь», якая, у сваю чаргу, уваходзіць у грэчаскі холдынг Coca-Cola Hellenic. Галоўнаму амерыканскаму офісу належыць каля чвэрці акцый грэчаскай кампаніі, столькі ж мае мясцовы інвестар, а астатнія акцыі знаходзяцца ў свабодным звароце на біржах.

Доля «Кока-колы» ў эканоміцы Беларусі летась пашырылася за кошт куплі смалявіцкай кампаніі «Вланпак», якая выпускае сокі і нектары Magic Summer і Rio.

«Фрост». Завод — Хомск, Драгічынскі раён.

Сумеснае расійска-беларускае прадпрыемства «Фрост і К» вылучаецца сярод канкурэнтаў сваёй аддаленасцю ад Мінска — вада разліваецца ў палескай глушы. Дырэктар кампаніі — бізнэсовец Уладзімір Мароз. Дарэчы, «мароз» у перакладзе на англійскую мову і гучыць як «фрост». Пад гэтым брэндам і прадаецца ўся прадукцыя кампаніі. А рэкламным тварам «Фроста» з’яўляецца спявачка Ірына Дарафеева.

«Акватрайпл» («Дарэчы», «Сочы», «Фантана», «Крынічная вада»). Завод — Сосны, Мінскі раён.

Складана знайсці галіну беларускай эканомікі, у якой не прадстаўлены Юрый Чыж. Воды і напоі — не выключэнне. Зрэшты, менавіта газіроўка была адным з першых праектаў мільянера. Нафтаперапрацоўка і будаўніцтва прыйшлі ў жыццё Чыжа значна пазней, але сталі прыярытэтнымі. Таму «Акватрайпл» і адстае ад чацвёркі лідараў.

Апроч вытворчасці безалкагольных напояў, кампанія Юрыя Чыжа ўвозіць алкаголь з-за мяжы, маючы статус спецімпарцёра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?