На выставе сучаснага амэрыканскага мастацтва ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва няма антываенных маніфэстаў ці карыкатураў Буша. Дамінуе мастацтва інтымных пачуцьцяў.

Тыя, хто чакаў яскрава выражанай палітычнай выставы, могуць адчуць расчараваньне. Тут ня ўбачыш працаў, што рэзка камэнтуюць палітыку ўраду ў стылі Джэні Гольцэр, альбо выяваў Буша па шыю ў бочцы нафты, намаляванай у колеры амэрыканскага сьцягу. Маладых амэрыканцаў турбуюць прыватныя праблемы.

Іх мастацтву далёка да таго, што звычайна лічыцца заангажаванасьцю. Выстава поўніцца такімі выказваньнямі, у якіх адчуваецца адрачэньне, сьвядомая слабасьць. Магчыма, такая пастава — неабыякавая, але адасобленая — гэта вынік падзеяў апошніх гадоў у грамадзкім жыцьці Амэрыкі. Буйныя антываенныя маніфэстацыі 2003 г. засталіся бліскучымі вулічнымі спэктаклямі без уплыву на палітычныя падзеі. Эмоцыі ў грамадзтве знайшлі выхад, замежная палітыка пайшла сваім шляхам. Сёньняшняе маладое мастацтва не давярае спэктаклю. Калі ў сваёй эстэтыцы яна карыстаецца сьметнікам, рэшткамі, дык робіць так менавіта дзеля таго, каб аспрэчыць тое, што афіцыйнае, што ўвасабляе празрыстасьць і парадак.

Вешалка з косткі

Дух адмовы і нязгоды ў гэтай выставе заўважны. Аднак калі шукаць адпаведнае слова, хутчэй бы падышло «непрыязнасьць» альбо «агіда». І гэта не абавязкова датычыць асобаў, якія кіруюць адміністрацыяй Буша. Палітычная рэчаіснасьць — гэта таксама нацыянальная і дзяржаўная сымболіка, гэта арганізаванае па‑мяшчанску закасьнелае нутро, гэта жахлівыя стасункі ў сям’і. Комплексы дзяцінства, страхі дарослых, траўматызаваных уласным мінулым, — гэта таксама Амэрыка, як у вядомым фільме «American Beauty». Альбо застарэлая крывадушнасьць, як у «Бараце», які паказаў, што можна наваліць на стале ў салёне, аднак нельга прывесьці на вячэру чорную дзяўчыну.

Праца, што найбольш узрушвае на гэтай выставе, настолькі стрыманая, што можа застацца і незаўважнай. Гэта «Last Stand» Хэнны Грылі, на выгляд звычайная вешалка для вопраткі, нібыта з гнутага палена. Аднак калі прыгледзецца зблізку, бачна, што выкананая яна ня з дрэва, а з косткі. На вешалцы нехта пакінуў капялюш. Усярэдзіне да капелюша прычэплены чорны парык, быццам нэгрыцянскі скальп. Расізм — можна ўжыць штамп — аднак мастачка здолела выйсьці па‑за межы банальных штампаў і стварыць моцны вобраз.

Скульптура Хэнны Грылі сымбалічная для гэтай выставы. Такая тут пануе эстэтыка — эстэтыка, што карыстаецца адкідамі, рэшткамі, сьмецьцем, чымсьці другасным, неартыстычным. Тут знойдзеш кампазыцыі з старой бялізны, парыкоў, бляшанак, старую музычную шафу, зь якой даносіцца старая музыка, скульптуру зь нізкапробных залатых ланцужкоў, увогуле мноства танных, нізкапробных рэчаў.

У гэтым сэнсе мастакі адзінагалосныя. Яны кажуць, што тое, што для іншых «глямур», — для іх сьмецьце, як Сэт Прайс у залатых, агідных барэльефах, тэма і тэхніка якіх нізкай якасьці, альбо Майк Бушэ, які паказаў кардонны басэйн, пакрыты чорнай фарбай з вазонам белых калаў у цэнтры («Джакузі Карла Лягэрфэльда»).

Мастакі кажуць, што скончыўся і вычарпаў сябе ня толькі поп‑арт, але і ўсе ягоныя пазьнейшыя разнавіднасьці і ўвасабленьні нэа. Скульптура Фрэнка Бэнсана — голы мужчына, абсыпаны залатымі блісткамі — іранічна паказвае заняпад гэтага тыповага для Амэрыкі і да таго часу плённага мастацтва і эстэтыкі. Сёньня яна ўжо мёртвая.

Што плённа?

Эстэтыка адкідаў можа быць вельмі плённай, як паказвае цудоўная скульптура Хэнны Грылі. Але адначасова і цяжкай. Яна ставіць падножку. Яе ўяўная зразумеласьць натхняе на доўгія выказваньні, якія — хоць і зразумелыя — надта бясспрэчныя, каб надоўга заставацца ў памяці.

Карл Гэндэл падрыхтаваў, напрыклад, насьценную кампазыцыю, што мае акурат такую бесцырымонную форму. Называецца яна «Спэцыяльная гульня валянцінак» i нагадвае дыяграму. Вялікая рэпрадукцыя нямецкай рэнэсансавай гравюры, зь якой пачынаецца гісторыя, паказвае пакараньне сьмерцю сьв.Валянціна, далей чырвоны штрых (але адначасова і струменьчык крыві, якая цячэ з адсечанай галавы) вядзе нас да выкананых уручную рэпрадукцыяў трох галоўных старонак New York Times ад 14 лютага з розных гадоў, a пасьля да малпачкі без галавы, якая на грудзях мае прычэпленае чырвонае сэрца.

Гэта відавочны падрыў радаснай амэрыканскай міталёгіі, «шаленства на Дзень сьв.Валянціна», міту добрага, прыгожага жыцьця. Ствараецца, аднак, пачуцьцё кантакту з выказваньнем інтэлігентнага чалавека, але не з захапляльным мастацтвам. Бо наколькі плённым можа быць у мастацтве аспрэчваньне ўласнай культуры i побыту? Калі б польскім мастакам задаць гэтую тэму, мы б прызямліліся ў мартыралёгіі, пакутніцтве.

Асобнай праблемай ёсьць відэа. Ці ў маладым амэрыканскім мастацтве гэтая плынь ужо вычарпала сябе? Ці «You Tube» канчаткова выкарыстаў гэты від мастацтва? Куратар выставы Ганс Ульрых Обрыст патлумачыў непрысутнасьць відэа тым, што мы сёньня паволі «выходзім зь віртуальнага сьвету». Аднак на першай выставе ў Нью‑Ёрку (цяпер яна вандруе па сьвеце ў некалькі вэрсіях) як быццам было болей фільмаў. У Варшаве іх толькі некалькі. I хоць два зь іх вядомыя — фільм Пола Чэна, што ў традыцыі ценю зьвяртаецца да атакі на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар 11 верасьня, і візіянэрская інсцэнізацыя відэа нью‑ёрскай мастачкі Мікі Ротэнбэрг на тэму вырабу цеста — трэба паставіць пытаньне пра тое, ці ня ёсьць варшаўская выстава больш убогая за сваю першапачатковую вэрсію.

«Uncertain States of America. Амэрыканскае мастацтва ў трэцім міленіюме», Цэнтар сучаснага мастацтва, Варшава, куратары Даніель Бёрнбаўм, Гунар Б.Кваран, Ганс Ульрых Обрыст, да 7 траўня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?