Патрэбная новая стратэгія супрацоўніцтва Эўропы зь незалежным грамадзтвам Беларусі. Піша Алесь Анціпенка.

Перадусім колькі словаў пра кантэкст, у якім адбывалася ўзнагароджваньне Беларускай асацыяцыі журналістаў прэміяй Сахарава.

Пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. багата міжнародных і донарскіх арганізацыяў расчараваліся ў выніках выбараў і страцілі інтарэс да Беларусі. А некаторыя зь іх сталі называць яе «чорнай дзіркай Эўропы» альбо краінай без сапраўднай апазыцыі.

Я добра памятаю, якія настроі панавалі ў той час. Панавала нейкая зьбянтэжанасьць, нібыта вас раптам пакінулі ўсе вашыя сябры. Гэткая змрочная атмасфэра падмацоўвалася ўзаемнымі абвінавачваньнямі палітыкаў і нечуванымі плёткамі пра нібыта мільёны даляраў, скрадзеных апазыцыйнымі лідэрамі.

Тым часам катастрафічна падала падтрымка спонсарскіх арганізацыяў беларускім НУА, а ўлады распачалі масавыя «зачысткі» трэцяга сэктару. У выніку колькі незалежных газэт закрылі, а трох журналістаў, што крытыкавалі прэзыдэнта Лукашэнку, кінулі ў астрог.

На гэтым фоне значна лягчэй уявіць нашую рэакцыю на рашэньне Эўрапейскага парлямэнту. Не, мы не пачуваліся героямі. І мы не пачуваліся найлепшымі сярод астатніх намінантаў.

Мы проста адчувалі, што прэмія была сапраўднай азнакай таго, што стаўленьне да Беларусі мянялася. Было таксама зразумела, што тады мы назіралі новую фазу растучага інтарэсу да нашай краіны, мэдыйнай сытуацыі і грамадзтва з боку міжнароднай супольнасьці. Насамрэч, прэмія была першай вялікай ўзнагародай, якая адыграла ролю пускавога мэханізму гэтага міжнароднага працэсу.

У выніку беларускае пытаньне ўвайшло ў шырэйшы міжнародны кантэкст з новымі пэрспэктывамі для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Болей за тое, сярод беларускіх контраэліт і большай часткі апазыцыі прэмія адыграла на карысьць ідэі далучэньня Беларусі да ЭЗ у будучыні.

І нездарма пасьля таго ЭЗ і краіны‑чальцы сталіся для афіцыйнай прапаганды аб’ектам жорсткай крытыкі. Маральны ж аўтарытэт БАЖу падрос, і з 2004 г. колькасьць сяброў гэтай арганізацыі значна падвысілася дзякуючы маладым журналістам.

Праз два гады іншы прадстаўнік беларускага незалежнага грамадзтва атрымлівае прэмію Сахарава. І як тое шырока ўжо ведама, ім стаў Аляксандар Мілінкевіч, кандыдат на прэзыдэнты ад кааліцыі дэмакратычных сілаў. На гэты раз палітычная сытуацыя ў краіне адрозьнівалася ад той у 2004 г. Парадаксальным чынам не зьявілася пачуцьця паразы, нават пасьля таго, як апазыцыйны лідэр ня стаў прэзыдэнтам краіны. Наадварот, многа хто заўважыў, што «аблічча» беларускай апазыцыі можа быць іншым і нашмат болей прывабным, чымся раней.

Сярод прыхільнікаў Мілінкевіча і ня толькі прэмія Сахарава была збольшага ўспрынятая як узмацненьне гэтага новага і пазытыўнага вобразу беларускай апазыцыі і ейнага лідэра.

Перад сваёй паездкай у Брусэль я патэлефанаваў Аляксандру Мілінкевічу па ягонае меркаваньне пра значэньне прэміі Сахарава і ейную ролю ў палітычнай біяграфіі апазыцыйнага лідэра. Збольшага ягоны адказ утрымліваў тры ідэі. Па‑першае, прэмія паспрыяла вядомасьці палітыка, бо Euronews добра асьвятляў цырымонію і падрыхтаваў адмысловы рэпартаж пра Беларусь. Па‑другое, Беларусь займела большы прыярытэт сярод палітычных пытаньняў у ЭЗ. І нарэшце, прэмія паспрыяла асабістай бясьпецы экс‑кандыдата.

Такім чынам, робіцца відавочна, што ў абодвух выпадках прэмія Сахарава была зьвязаная з зрухам ва ўспрыманьні беларускай палітычнай, мэдыйнай і праўнай сытуацыі Эўрапейскім парлямэнтам ды іншымі міжнароднымі структурамі. У той самы час нельга не вылучыць пазытыўнай ролі нашых суседзяў і чальцоў ЭЗ — Польшчы і Літвы. Тое самае можна сказаць і пра Славаччыну ды Чэхію. Гэтыя постсацыялістычныя краіны, валодаючы ўнікальным гістарычным досьведам дэмакратычных трансфармацыяў, ужо адыгралі значную ролю ў прасоўваньні інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасьці сярод эўрапейскіх нацыяў.

Паўстае натуральнае пытаньне: якія могуць быць наступныя крокі Эўрапарлямэнту ды ЭЗ датычна Беларусі? Але перш як адказаць, хачу адзначыць ініцыятыву Эзрапарлямэнту наконт расьсьледаваньняў зьнікненьняў беларускіх палітыкаў і журналіста. Даклад сп.Пургурыдэса быў, насамрэч, праўдзівай палітычнай падзеяй. Гэта быў таксама адзін з наймацнейшых аргумэнтаў на карысьць чуйнай пазыцыі ЭЗ адносна сытуацыі з чалавечымі правамі ў Беларусі.

Аднак і зь іншых прычынаў (маюцца наўвеце апошні беларуска‑расейскі крызіс) сытуацыя ў Беларусі зноў стала актуальнай. Пазытыўнай азнакай гэтага факту служыць нядаўняя заява Х.Бароза, які сказаў, што чакае таго дня, калі Беларусь зойме годнае месца ў эўрапейскай сям’і.

Мы шчыра верым, што, каб наблізіць гэты дзень, нам спатрэбяцца новыя супольныя плённыя высілкі ці сапраўдная стратэгія супрацоўніцтва паміж Эўрапарлямэнтам, іншымі панэўрапейскімі структурамі і беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Дагэтуль мы ня мелі такой сыстэматычнай супрацы. На маю думку, цяпер самы час яе пачынаць.

Вядома ж, супраца гэтая мусіць уключаць у сябе розныя сфэры — і ня толькі палітыку, але таксама СМІ, права, грамадзянскую адукацыю, культуру, чалавечыя правы і падрыхтоўку сцэнароў эканамічных рэформ.

Першай фазай шырокай супрацы ЭЗ і беларускай грамадзянскай супольнасьці можа стаць супольнае выкананьне Пляну Ценявых Дзеяньняў (Shadow Action Plan). Зрабіць больш канкрэтныя крокі да рэалізацыі эўрапейскіх ініцыятываў у Беларусі дапаможа досьвед беларускіх НУА. І мы перакананыя, што гэткая супраца, заснаваная на пасьлядоўнасьці і кантынуальнасьці, у будучыні забясьпечыць трывалы плённы эфэкт. А значыць, дэмакратычная будучыня Беларусі прыйдзе праз гэту супрацу.

Алесь Анціпенка — філёзаф, аналітык Беларускай асацыяцыі журналістаў

Тэкст прамовы у Эўрапейскім парлямэнце на сэмінары «Уплыў дзейнасьці Эўрапарлямэнту ў галіне правоў чалавека» 27 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0