У гэтым годзе кірмашы рамеснікаў разгарнуліся ажно ў трох месцах: у культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола Віцебска «Дзвіна», на вуліцы Суворава і ў парку Пераможцаў. У апошнім — упершыню. Свае падворкі выставілі ўсе рэгіёны Віцебшчыны.

Месцамі «Горад майстроў» нагадвае парк савецкай эпохі. Асабліва, як ні дзіўна, пастараліся палачане.
У полацкім падворку на Суворава на возе сядзіць мужчынка, над ім плакат «Кто работает в колхозе, в хлебе не нуждается». Тут жа напамін аб калектывізацыі, Першамаі, пяцігодках. Мужыкі п’юць піва ў павільёне пад заклікам «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!». А той, кім сапраўды могуць ганарыцца палачане, — Скарына, знаходзіцца пад густым шашлычным дымам

Але яшчэ большую «фантазію» праявілі гаспадары павільёна каля «Трох штыкоў» на плошчы Перамогі — тут можна выпіць пад плакатами «Родина-мать зовет!» і «Дойдем до Берлина». Сапраўдны здзек над подзвігам нашых дзядоў.

Між іншым, паабедаць «на хуткую руку» ў шапіках у парку Пераможцаў не грэбуюць нават аблвыканкамаўскія чыноўнікі. У адным з павільёнаў сустрэлася жанчына, на якую ніколі не падумаў бы, што яна будзе есці з пластыкавых талеркі і стаканчыка.

Пудзілы — дзікоў, глушца, аленя, зайца — сустракаюцца ў парку Пераможцаў амаль праз крок. За сімвалічную плату — тысячу рублёў — побач з мёртвымі жывёламі можна сфатаграфавацца.
Добра, што на такой спякоце пудзілы не псуюцца…

У пачатку Суворава, каля Уваскрасенскага храма, з’явілася графіці агромністымі літарамі «Віцебск-2012». Напэўна, для тых, хто згубіцца ў часе і прасторы ад бяссонных гулянак. А на каналізацыйных люках — цяпер рознакаляровыя выявы васількоў. Калі раней ніхто не заўважаў, колькі на вуліцы гэтых люкаў, то зараз на іх толькі акцэнтавалі ўвагу. Прыгожага мала: каналізацыя з сімвалам «Славянскага базара».

Адным словам, у наш прыгожы, месцамі нават выкшталцоны Віцебск прышоў, як кажуць у народзе, «славянскі бардак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?