У першыя дні ліпеня тэмпературны рэжым перавышае кліматычную норму ў сярэднім на 3–8 градусаў,
паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.

У бліжэйшыя выхадныя атмасферны ціск пачне патроху спадаць. З’явіцца больш аблокаў, і месцамі па краіне не выключаны кароткія навальнічныя дажджы рознай інтэнсіўнасці.

У суботу і нядзелю, 7–8 ліпеня, тэмпература паветра ўначы чакаецца 14–21 градус, днём — 26–33 градусы. Па паўднёвым захадзе (Брэсцкая і Гродзенская вобласці) слупок тэрмометра дасягне адзнакі плюс 35.

Высокая тэмпература паветра будзе садзейнічаць прагрэву вады ў рэках і азёрах да 20–25 градусаў. Беларусы смела могуць планаваць правесці свае выхадныя на беразе вадаёмаў. Дарэчы, такая ж цёплая тэмпература вады адзначаецца на чарнаморскіх курортах.

Пачынаючы з панядзелка з паўднёвага захаду Еўропы чакаецца перамяшчэнне атмасферных франтоў.
На большай частцы тэрыторыі рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы — 14–21 градус, днём — 24–30 градусаў. Па поўдні рэспублікі (Брэсцкая і Гомельская вобласці) месцамі паветра прагрэецца да 31–33 градусаў.

10 ліпеня характар надвор’я істотна не зменіцца. Тэмпературны рэжым па-ранейшаму будзе перавышаць кліматычную норму на 3–8 градусаў.

У сераду дажджоў стане менш, тэмпература паветра ўначы — 12–19 градусаў, днём — 22–27 градусаў. Па паўднёвым усходзе (Гомельская вобласць) днём тэмпература складзе 28–32 градусы.

У чацвер і пятніцу, 12–13 ліпеня, надвор’е будзе вызначаць атлантычны цыклон. Як правіла, у летні час ён прыносіць прахалоду. У канцы тыдня спякота спадзе, сярэднясутачная тэмпература ўвойдзе ў кліматычную норму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?