Нядзеля, 24 чэрвеня 2012 году, калі манахі-рэдэмптарысты і ўсе грэка-католікі Ўкраіны разам з сьвятам Хрыста Чалавекалюбцы ўшаноўваюць цудатворны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, стала асаблівым днём для беларускага манаха-рэдэмптарыста Зьмітра Чарнеля. У гэты дзень у Львове грэка-католік з Беларусі брат Зьміцер Чарнель атрымаў дыяканскія сьвячаньні.

У Львове ў нядзелю, 24 чэрвеня, парафіяне царквы блаславёнага біскупа Мікалая Чарнецкага, ЧНА, адзначалі таксама сваё храмавае сьвята. (Памяць біскупа-мучаніка, які быў у міжваенны час Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў на Валыні, Падляшшы і Палесьсі, а ў 1939-1940 гг. часова ўзначальваў Беларускі экзархат ГКЦ, у літургічным календары ўшаноўваецца 27 чэрвеня). Архірэйскую Боскую Літургію ў гэты сьвяточны дзень узначаліў Уладыка Ігар Возьняк, рэдэмптарыст, архібіскуп і мітрапаліт Львоўскі. Разам з ім саслужылі яшчэ два біскупы, якія належаць да грэка-каталіцкай манаскай супольнасьці Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля: Уладыка Міхаіл Грынчышын, Апостальскі экзарх для ўкраінцаў Францыі, краінаў Бенілюкса і Швайцарыі, і Сьцяпан Мэнёк, Экзарх Данецка-Харкаўскі, а таксама сьвятары-рэдэмптарысты.

Падчас Літургіі Ўладыка Ігар Возьняк высьвяціў на дыяканаў братоў рэдэмптарыстаў украінца Андрэя Хацку і беларуса Зьмітра Чарнеля. Зьвяртаючыся да новапастаўленых дыяканаў, Уладыка Ігар прапанаваў ім браць за ўзор для свайго служэньня новазапаветнага дыякана “Сьцяпана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога” (Дз 6, 5), і пажадаў ім годна і рупліва выконваць новыя абавязкі на службе Богу.

Дыякан Зьміцер Чарнель паходзіць з гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, сам родам з Дзятлаўшчыны. У свой час скончыў гістарычны факультэт у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, дзе быў адным з найлепшых студэнтаў свайго выпуску. Навучаўся ў Львоўскай духоўнай семінарыі Сьвятога Духа і Ўкраінскім каталіцкім універсітэце ў Львове на філасофска-багаслоўскім факультэце, сьпецыялізуючыся ў царкоўнай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?