Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавэс бачаць шырокія магчымасці для нарошчвання беларуска-венесуэльскіх сувязей. Упэўненасць у гэтым кіраўнікі дзяржаў заявілі, сустракаючыся ў Каракасе.

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс, чакаючы прыбыццё ў палац Мірафлорэс свайго беларускага калегі, ва ўласцівай яму манеры паразмаўляў з прысутнымі журналістамі, падзякаваў беларускаму народу за дапамогу ў развіцці Венесуэлы, звярнуў увагу на высокую якасць беларускай прадукцыі.

Калі да палаца пад’ехаў картэж беларускага лідара, Уга Чавэс цёпла прывітаў Аляксандра Лукашэнку і папрасіў паклікаць яго сына Мікалая. «Сёння ў Венесуэле ўрачысты дзень, бо мы прымаем Аляксандра Лукашэнку і яго сына Мікалая», — сказаў Чавэс.

Пасля кароткага абмену прывітаннямі лідараў дзвюх дзяржаў пачалася цырымонія афіцыйнай сустрэчы Лукашэнкі.

Ваенны аркестр Венесуэлы выканаў Дзяржаўны гімн Беларусі, пры гэтым праспяваўшы яго словы на беларускай мове.
Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Венесуэлы Уга Чавэс зноў адышоў ад пратакола і захацеў сказаць некалькі слоў аб беларуска-венесуэльскім супрацоўніцтве. «На працягу апошніх гадоў мы выбудавалі не проста стратэгічны саюз, а брацтва», — адзначыў венесуэльскі лідар. Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, ён згадаў аб яго візіце на Кубу і звярнуў увагу на намеры Беларусі пашыраць узаемаадносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі і, у прыватнасці, з АЛБА (альянс краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна).

Уга Чавэс падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за візіт у Венесуэлу, а таксама перадаў прывітальныя словы «працавітаму, сціпламу, вясёламу і гераічнаму» народу Беларусі.

Ён падкрэсліў, што прэзідэнтам трэба будзе разгледзець мноства праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у прыватнасці ў сферах здабычы нафты, газу, нафтахіміі, будаўніцтва жылля, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі і газіфікацыі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што ўсе дамоўленасці, якія былі заключаны Беларуссю і Венесуэлай, будуць выкананы датэрмінова.

«Некаторыя пачалі сумнявацца ў сур’ёзных перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы,

тут знаходзіцца мой сын Мікалай, і гэта сведчыць аб тым, што мы сур’ёзна і надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва, і ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 20–25», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь прыйшла ў Венесуэлу для аказання дапамогі ў развіцці краіны. «Мы сярэднееўрапейская краіна, у нас шмат месц прыкладання працы, але мы хочам часцінку сябе пакінуць тут, у Венесуэле. Мы прыйшлі сюды не як каланізатары. Мы будуем, навучаем венесуэльцаў», — сказаў беларускі лідар. «Рашэнне аб дыверсіфікацыі эканомікі, праз гады, людзі ацэняць як подзвіг», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавэса.

Затым венесуэльскі прэзідэнт прапанаваў сказаць некалькі слоў і Мікалаю, аднак ён адмовіўся.

Уга Чавес расказаў аб сваёй размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які на той момант знаходзіўся з візітам у Ізраілі. Венесуэльскі лідар станоўча ацаніў той факт, што Уладзімір Пуцін зрабіў свой першы візіт у якасці кіраўніка расійскай дзяржавы менавіта ў Беларусь. Прэзідэнт Венесуэлы чарговы раз падзякаваў беларускаму боку за перадачу венесуэльцам тэхналогій і навучанне спецыялістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?