На 1 чэрвеня чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Мінску скарацілася на 15 тыс. да 270 тыс. чалавек.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 13 чэрвеня паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман.

Ён нагадаў, што за апошнія 10 гадоў чарга толькі прырастала. Гэта было звязана з павелічэннем крытэру патрэбнасці да 15 кв. м. Чарга прырасла прыкладна на 100 тыс. чалавек. У 2011 годзе сталі больш жорсткімі ўмовы па пастаноўцы на ўлік, быў зніжаны нарматыў забяспечанасці, улічаны жылыя памяшканні, што знаходзяцца ва ўласнасці ў Мінскай вобласці. Прайшла зверка чаргі, што і прывяло да яе скарачэння, паведаміў Радаман. На 1 чэрвеня ў чарзе знаходзяцца 269.794 сям'і.

Апрача таго, было выяўлена, што прыкладна дзве траціны чаргавікоў, ужо ўключаных у склад ЖБСК, страцілі права на льготнае крэдытаванне. На льготнае крэдытаванне сёння накіраваны 12.085 сем'яў.

На будаўніцтва на льготных умовах сёння накіроўваюцца шматдзетныя сем'і, якія сталі ў чаргу да 1 студзеня 2012 года. Тыя, хто прэтэндуе на будаўніцтва чатырохпакаёвых кватэр, якія з'яўляюцца дэфіцытнымі, — да 1 мая 2011 года. Ім прапануецца па дзве кватэры на адной пляцоўцы.

На будаўніцтва таксама накіроўваюцца сем'і дзяцей-інвалідаў, якія сталі на чаргу ў 2007—2009 гадах, сем'і тых, хто перанёс прамянёвую хваробу і стаў у чаргу ў 2008—2009 гадах, тыя, хто жыве ў непрыдатным і старым жыллі і стаў у чаргу ў 2009 годзе.

Апрача таго, сёння прапаноўваецца будаваць кватэры грамадзянам, якія знаходзяцца ў агульнай чарзе з 1988—1989 гадоў.

У грамадзян, якія страцілі права льготнага крэдытавання, захавалася права пабудаваць больш таннае жыллё па дзяржаўных расцэнках, замоўцамі якога выступаюць упраўленні капітальнага будаўніцтва. Кошт будаўніцтва ў панэльных дамах складае прыкладна 4,2 млн. за кв. метр, з улікам затрат на інжынерную інфраструктуру — 4,6 млн., у каркасна-маналітных дамах — да 8 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?