Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белтэлекам», якое валодала 50% сотавага аператара ТАА СП «БелСел», выйшла са складу яго заснавальнікаў.

«Цяпер удзельнікамі кампаніі з’яўляюцца нідэрландскае прадпрыемства CIB BV і беларускае ЗП „Джараш“ з кіпрскім капіталам», — паведамілі БелаПАН у прэс-службе «БелСел». «Белтэлекам» выйшаў са складу заснавальнікаў у сакавіку гэтага года. Падрабязнасці змен у складзе заснавальнікаў прадпрыемства ў прэс-службе не ўдакладняюць.

Сотавы аператар таксама паведамляе, што «Белтэлекам» адмовіўся ад аказання паслуг WLL на базе сеткі ТАА СП «БелСел» з 1 ліпеня 2012 года. Праект WLL быў запушчаны ў 2007 годзе і вырашае праблему «апошняй мілі», забяспечваючы сувяззю тэрыторыі, дзе нявыгадна пракладваць тэлефонныя кабелі (напрыклад, у аддаленых сельскіх раёнах).

На сёння паслугамі WLL на базе сеткі «БелСел» карыстаюцца больш як 170.000 абанентаў «Белтэлекама». Зараз кампанія «БелСел» ажыццяўляе закупку новага тэрмінальнага абсталявання для аказання галасавых паслуг і паслуг высакахуткаснай перадачы даных паводле тэхналогіі 3G усім зацікаўленым асобам, у тым ліку абанентам WLL.

Новае тэрмінальнае абсталяванне даступна для папярэдняй замовы на сайце кампаніі. Продаж пачнецца ў ліпені адначасова з падключэннем на спецыяльна распрацаваны тарыфны план.

Як паведаміў у прэс-рэлізе генеральны дырэктар ТАА СП «БелСел» Віктар Новікаў, заснавальнікамі кампаніі прынята рашэнне аб арганізацыі доследнай зоны LTE да канца 2012 года. «Зараз вядуцца перамовы з некалькімі пастаўшчыкамі абсталявання для арганізацыі тэставай зоны LTE на частаце 450 МГц. У залежнасці ад вынікаў будзе прынята рашэнне аб канкрэтнай тэхналогіі, якую кампанія будзе выкарыстоўваць для далейшага развіцця — LTE або EVDO Rev. B. Адзначу, што станоўчы вопыт па арганізацыі тэставай сеткі LTE на частаце 450 МГц атрыманы ў Бразіліі, дзе да канца 2013 года плануецца аказваць паслугі LTE на большай частцы тэрыторыі краіны», — зазначыў гендырэктар.

***

ТАА СП «БелСел» утворана ў 1992 годзе. У жніўні 2002 года ў ліцэнзію былі ўнесены папраўкі, якія далі «БелСел» права на стварэнне сеткі cdma2000. У чэрвені 2006 года аператар увёў у камерцыйную эксплуатацыю тэхналогію перадачы даных 3G (трэцяга пакалення) EV-DO. У ліпені 2008 года адбыўся запуск тэхналогіі высакахуткаснай мабільнай перадачы даных EV-DO Rev. A.

Тэрыторыя пакрыцця сеткі ахоплівае 93% гарадскога насельніцтва Беларусі. У «БелСел» прыкладна 170 тысяч абанентаў паслуг паводле тэхналогіі WLL і крыху больш за 11 тысяч абанентаў іншых паслуг сувязі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?