Як паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Саветам Міністраў прынята новая рэдакцыя візавых правіл, якая прадугледжвае спрошчаныя працэдуры выдачы віз.

Новая рэдакцыя візавых правіл прадугледжвае вызваленне ад неабходнасці атрымання віз замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія маюць пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі. Пашырана кола асоб, якія маюць права на наведванне месц пахавання, вызначаны падставы для атрымання беларускай візы для лячэння. Уніфікаваны асобныя формы хадайніцтваў аб выдачы віз і візавых анкет.

З 1 верасня магчымасць атрымання ўязных віз у Нацыянальным аэрапорце захаваецца толькі для грамадзян замежных дзяржаў, у якіх адсутнічаюць дыппрадстаўніцтвы або консульскія ўстановы Беларусі.

Грамадзяне дзяржаў, у якіх ёсць беларускія загранустановы, маюць права атрымаць візу ў аэрапорце толькі ў тым выпадку, калі яны прыбываюць у складзе афіцыйных дэлегацый па запрашэнні органаў дзяржкіравання Беларусі, а таксама ў сувязі з цяжкім захворваннем або смерцю блізкага сваяка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?