Спявачка Лорын са Швецыі перамагла з рэкорднай колькасцю галасоў (372) — гэта пятая перамога Швецыі на «Еўрабачанні» ад часоў ABBA. Праўда абсалютны рэкорд у адрыве (387 балаў), які прадэманстраваў нарвежскі беларус Аляксандр Рыбак, застаўся неперавершаным.

На другім месцы — удмурцкія «Буранаўскія бабулі». На трэцім — Сербія.

Найменш балаў атрымала Нарвегія.

Беларусы прагаласавалі за суседзяў: 8 балаў далі Літве, 10 — Украіне і 12 балаў — Расіі.

Акрамя таго, беларусы прагаласавалі за Азербайджан, Малдову, Швецыю, Ірландыю, Эстонію, Мальту і Македонію.

Вось і скончылася чарговае «Еўрабачанне», на якім Беларусь не трапіла ў фінал, але выступіла куды лепей, чым летась... Як праходзіў фінал? «Наша Ніва» прапануе вашай увазе апошні ў сезоне рэпартаж з «Еўрабачання», на якім можа ўбачыць і прачытаць пра: удмурцкіх бабуляў і змрочную шведскую дзіву, брытанскага дзядулю і італьянскі свінг. А таксама пра стэп з Малдовы і нямецкую «Каліфорнію»...

Вялікабрытанія

Энгельберт Хампердзінк

Love Will Set You Free

Вось і дачакаліся — чалавек, з якога мы трохі кпілі два папярэднія анлайны, выходзіць на сцэну.

Па ўзросце Хампердзінк мог бы пацягацца з «Буранаўскімі бабулямі»
— уяўляеце, яшчэ ў часы, калі The Beatles былі далёкімі ад распаду, Джон Ленан любіў абзываць Пола Макартні Энгельбертам Хампердзінкам. Праўда, апошнія год 40 (сорак) гадоў асаблівых хітоў за Хампердзінкам заўважана не было, і вось ён вырашыў нагадаць пра сябе праз «Еўрабачанне». Гэта як калі б ад Расіі на конкурс паехаў Эдуард Хіль. Песня ў Хампердзінка класная, як і сорак гадоў таму, аднак Google ведае і лепшыя — паспрабуйце Another Time Another Place.

Венгрыя

Compact Disco

Sound of the Hearts

Чаму ў фінал трапіў венгерскі вакальна-інструментальны ансамбль, зразумела не да канца. Сказаць пра іх няма чаго, апроч таго, што

яны вельмі ўважліва слухалі музыку 80-х.
Назва гурту, дарэчы, нагадвае пра назвы венгерскіх бэндаў перыяду сацыялізму — бескрыўдна і зразумела.

Албанія

Рона Нішліў

Suus

Косаўская албанка Рона скарыла Еўропу моцным голасам,
які, што праўда, «на аматара» — экспрэсія часам перабівае мелодыю.

Літва

Доні Монтэл

Love is Blind

Павязка на вачах засталася — літовец Доні Монтэл, нагадаем, спявае пра тое, што каханне сляпое. Для «Еўрабачання» ў яго «баладным» выглядзе песня вельмі характэрная — такіх ад гэтага конкурса і чакаюць.

Слушным рашэннем было ўзяць псеўданім — ператварыцца з Данатаса Мантвідаса ў квазіамерыканскага Доні Монтэла.

Боснія і Герцагавіна

MayaSar

Korake Ti Znam

А вось цікавы прыклад з серыі «вучні і настаўнікі» — MayaSar працуе бэк-вакалісткай у заслужанага артыста Дзіна Мэрліна, цяпер ягоная вучаніца мае шанцы на поспех —

з усіх аднолькавых фартэпіянных балад у яе — найлепшая.

Расія

«Буранаўскія бабулі»

Party for Everybody

Калі б бабулі выйшлі песні праз дзве — мы б іх не пачулі, бо заснулі б: заўважце, які мінорна-баладны сёлета фінал. «Бабулі» сярод фаварытаў, яны б’юць рэкорды папулярнасці ў інтэрнэце. Дарэчы, заўважым, што адной з удзельніц 43 гады, а іншая — аднагодка Мадоны, хоць і выглядае трошкі іначай. Здаецца, гэта той рэдкі момант, калі за Расію ў фінале актыўна галасаваць будуць усе. Бабулі харызматычныя, і падтрымаць іх проста прыемна. Да таго ж, вялікія надзеі на бабуляў маюць удмурты, для якіх гэта той унікальны момант, калі

ўдмурцкая культура даказвае ўсяму свету, што яна існуе і можа быць папулярнай. Глядзеліся бабулькі няблага, асабліва, калі ўлічыць, што гэта не прафесіяналы, а проста бабулі, якія ходзяць у вясковы ДК, каб там паспяваць. Канешне, не варта патрабаваць ад іх такога самага майстэрства, як ад Хампердзінка і астатніх, але конкурс ёсць конкурс. Дачакаемся внікаў.

Ісландыя

Грэта Салоўмэ і Ёнсі

Never Forget

Гэтая песня магла б прыўкрасна «жыць» без усялякіх «Еўрабачанняў»
— ёсць у ёй нешта паўночнае, суровае і адначасова мяккае. Будзе дзіўна, калі раптоўна Грэта Салоўмэ і Ёнсі перамогуць, але хто ведае?

Адзінае: ці не даб’е «Еўрабачанне» эканоміку Ісландыі ў такім выпадку? Мяркуючы па колькасці праглядаў на YouTube, баяцца ісландцам няма чаго.

Кіпр

Іві Адаму

La Love

Ці трэба нам дзясятая Бейонсэ? У найлепшым выпадку, вартым навукова-фантастычнага рамана, Іві Адаму зможа стаць падобнай велічынёй, але шанцаў не болей, чым намаляваць роўную акружнась без цыркуля. Хаця

на беларускіх дыскатэках пад яе яшчэ патанчаць.

Францыя Ангун

Echo (You and I)

А вось яшчэ адна намінантка, якая трапляе ў фінал без конкурса — інданэзійка Ангун спявае з 12 гадоў, і з’яўляецца першай азіяцкай спявачкай, якая выпусціла альбом адначасова ў 33 краінах свету. Пяе па-французску і па-англійску, спалучаючы адначасова французскую спеўную традыцыю з традыцыйнымі амерыканскімі эстраднымі прыёмамі. Часам цяжка адсочваць гэтыя пераходы з англійскай на французскую і назад, аднак гучыць нясумна.

Можна ставіць грошы на яе перамогу,
але ці варта іх увогуле ставіць?

Італія

Ніна Дзілі

L’Amore È Femmina (Out Of Love)

Таго ж прынцыпу моўнай мяшанкі трымаецца італьянская канкурсантка, якую мы таксама яшчэ не чулі. А вось

тут ёсць элементы мінорнага свінга, які вельмі любяць па ўсім свеце — джазаваты рытм, пад які можна танчыць куікстэп. А калі не ўмеце куікстэп, можна танга. А калі і з танга праблема — проста танчыць.

Нарвегія Туджы

Stay

Нармальная інтэрнацыянальная песня.
Але аналізаваць яе сур’ёзна не варта: гэтыя песні, калі і затрымаюцца, то недзе ў нашых краях і тое, да наступнага «Еўрабачання».

Азербайджан

Сабіна Бабаева

When the Music Dies

А вось і гаспадары конкурса.

Сабіна Бабаева вырашыла ісці правераным шляхам і спявае пад раяль нешта да болю знаёмае.
Дзяўчына прыгожая, аднак песня з такім рэфрэнам (пра смерць музыкі) даўно існуе, і яе не пераскочыць ніяк — так ужо склалася.

Румынія Mandinga

Zaleilah

Сочыш за модай — трапляеш у фінал. Сочыш за модай, мяшаеш англійскую з іспанскай, дадаеш лацінскія рытмы? Трапляеш у фінал. А перамагаеш? Наўрад ці, бо апроч румынаў шмат хто сочыць за модай і трапляе ў фінал.

Супраць Швецыі і бабулек ім будзе цяжка змагацца.

Данія

Салуна Самай

Should’ve Known Better

Голас ураджэнкі Гватэмалы прыемны, ды і сама яна прыгожая.
Песня ж… нешта аднаразовае.

Грэцыя

Элефтэрыя Элефтэрыў

Aphrodisiac

Як можа трапіць у фінал «Еўрабачання» твор з такой аранжыроўкай?

Такое звычайна гучыць на канцэртах «За Беларусь».
Меркаванне, што музыку замаўлялі ў нас праз фінансавы крызіс, ужо выказвалася.

Швецыя Лорын

Эйфарыя

А вось і

пераможца па меркаванні букмекераў.
Песня выдатная (мелодыя запамінаецца), выкананне выдатнае, у чым праблема? У другаснасці. Аднак на фоне астатніх і гэта не крытычна. А вось стылёвасці астатнія могуць толькі пазайздросціць. У чым плюс — мінімум гламуру. Калі Лорын пераможа, гэта будзе правільна і лагічна.

Турцыя

Джан Банома

Love me Back

Традыцыя плюс сучаснасць — дастаткова для выхаду ў фіналю Для перамогі — не.

У Турцыі па радыё амаль усё так гучыць:
ад поп-музыкі да псіхадэліі (якая ў Турцыі, дарэчы, ёсць).

Іспанія

Пастора Солер

Quédate Conmigo

Чарговая балада, пра «застанься са мной».
Для шведкі іспанка не канкурэнт — як бы дзіўна гэта не гучала (параўнайце папулярнасць іспанскай і шведскай музыкі ў прынцыпе).

Германія

Роман Лоб

Standing Still

А вось і мужчынская поп-музыка сезона вясна-лета 2011 года. Гэта роўненька тое, што апошнія два гады запаўняе радыёэфір, пацясніўшы электроніку, і ідзе каранямі ў сучасную каліфарнійскую музыку. Калі б у конкурсе ўдзельнічалі ЗША, то маглі б паслаць Джэка Джонсана. Таму за такую музыку адказвае Роман Лоб. Тым не менш,

гэта тая частка поп-культуры, якая не выклікае жадання мяняць радыёстанцыю праз 20 секунд гучання.

Мальта

Курт Калея

This is The Night

Галоўны канкурэнт Litesound,
які выступіў акуратненька перад беларусамі, у фінале. Па яго поспеху пры галасаванні зможам даведацца, на што прыблізна беларусы маглі б разлічваць. Хаця ў меладычным плане Мальта слабейшая.

Македонія Каліопі

Cerno i belo

У Македоніі яна — зорка. Наўрад ці вынікі «Еўрабачання» што-небудзь зменяць.

У першую пяцёрку Македонія наўрад ці трапіць.

Ірландыя Jedward

Waterline

Блізнюкі ізноў штурмуюць восьмае месца, хаця сёлета могуць падабрацца да прызавога бліжэй, чым у мінулы раз. «Калі вы не адгукнецеся, мы напішам у „Спортлато“!». Дарэчы,

можа іх — на «Славянскі базар»?
Заўважце, колькі сёлета сярод удзельнікаў «Еўрабачання» фіналістаў і ўдзельнікаў «Базара».

Сербія

Жэлька Ёксімавіч

Nije ljubav stvar

«Каханне — не рэч», што б мы там сабе не думалі. У якасці доказу, прынамсі тое, што Жэлька трапіў у фінал. Цікава, калі б ён скарыстаўся сваім талентам мультыінструменталіста, лепей бы стала? А то нейкія мужыкі на заднім плане за яго аддуваюцца (у літаральным сэнсе, бо духавая секцыя). А яшчэ

ён заўжды з’яўляецца на сцэне на 30 секундзе, здорава, праўда?

Украіна Гайтана

Be my Guest

Україна і Конга адначасова — Гайтана

адна з самых цікавых вакалістак сёлетняга «Еўрабачання».
Кажуць, у некалькіх краінах гэтая песня ўжо хіт.

Малдова

Паша Парфеній

Lăutar

Як і меркавалася,

балканскі стэп ад фіналіста «Славянскага базара»
мы чуем у фінале. Балканская музыка — асобны феномен. Але чым яна так чапляе, становіцца трохі больш зразумела, калі чуеш яе на фоне астатняй музыкі «Еўрабачання» — усё ж такі гэты конкурс пэўнае ўяўленне пра сучасную музычную сітуацыю дае. Таму сканчаем стукаць абцасам па падлозе ў рытм спевам Парфенія і чакаем вынікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?