18 красавіка ў Мінску, у Музеі гісторыі беларускай літаратуры Леанід Галубовіч прэзентаваў новую кнігу «З гэтага свету». Гэта першы вершаваны зборнік паэта, які ён выдаў пасля дадзенага 12 гадоў таму зароку больш ніколі не пісаць вершаў.

«НН»: Адмовіцца ад чаркі прасцей, чым кінуць пісаць вершы?

Леанід Галубовіч: Як толькі я пабачыў сігнал свайго зборніка, зразумеў, што зрабіў вялікую памылку… Вершы патаемна былі пры мне, давалі ўнутраную сілу, падтрымлівалі пэўны тонус жыцця, здымалі дэпрэсію і флегматыку. Я мог позна вечарам адкрыць файл з набранымі радкамі і перачытваць іх, правіць, рэдагаваць…

Я імі жыў. Цяпер — гэта папера і для мяне яны змярцвелі.

Да таго ж, чаго найбольш і баяўся, людзей цікавіць пытанне чаму, а не што і як.

Пытанне, чаму Галубовіч парушыў зарок не пісаць, а не тое, ці ёсць паэзія ў яго новых вершах. Сёння літаратурныя імёны робяцца на прагматычных прадуманых дзеяннях, раскрутках.

Як напісаў Дубавец, «у Галубовіча ўсё адбывалася неяк само сабой». Так было і з «завязкамі». Адразу — з алкагалізмам.

У свой час дапіўся да такога стану, што зразумеў — альбо-альбо… Я выбраў жыццё. І ўжо больш за дваццаць пяць гадоў не ўжываю алкаголю. Так і з паэзіяй. З цягам часу стаў адчуваць унутранае спусташэнне, страту энергіі, чытацкую незапатрабаванасць, без чаго вершы хай і пішуцца (і многімі пішуцца!), але не здараюцца…

«НН»: Пасля кнігі «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» сапраўды думалі, што больш не вернецеся да паэзіі?

ЛГ: Пэўная сітуацыя (размова з Міхасём Скоблам на гэтую тэму ў эфіры радыё «Свабода» ў 1998) дала штуршок для эмацыйнага агучвання зароку «больш ніколі не пісаць вершаў».

Я пра іх як забыўся на цэлых дзесяць гадоў. Пакуль аднойчы, едучы ў трамваі на працу, задрамаўшы пад перастук колаў, раптам не пачуў як у галаве міжволі пачалі верзціся вершаваныя радкі…
Так да «ЛіМа» і прыехаў — з цэлай вершаванай страфой.

Адсюль зноў вярнуся да тэмы алкагалізма. Аказваецца, чалавек застаецца з гэтай хваробай на ўсё жыццё. Так, можна і не піць, але… Возьмеш выпадковыя 100 грам для разагрэву душы — і «згарыш», бо ў табе наноў прачнецца «твой стары знаёмы» алкаголік. Дзе чарка — там і дзве, тры… Тое самае з паэзіяй (калі, вядома, яна дадзена табе прыродай ад нараджэння). Можна зусім не пісаць вершаў і — быць паэтам. Тая, «настуканая трамваем» страфа абудзіла наноў мае да часу заснулыя вершы. З той пары я пачаў таемна запісваць іх.

З часам пайшой погалас і пачалі некаторыя таварышы на мяне настойліва наяжджаць з прапановамі публікацыі і асобнага выдання. Выстаяць не здолеў —
і вось маю тое, што маю. Можна сказаць, нічога не маю з таго, што меў… Тым больш, што цяпер зноў — ужо год як ні радка.

«НН»: Вы з тых пісьменнікаў, хто прыйшоў у літаратуру не з філфака, а з зусім іншай прафесіі — працавалі электрыкам. Тыя навыкі сёння не страцілі?

ЛГ: Пасля школы мне не хапіла літаральна аднаго бала, каб паступіць на гістфак БДУ. Пакрыўджаны, я падаўся ў бліжэйшае вучылішча электрыкаў — у Слуцк. У гэтым горадзе набыў значны жыццёвы і грамадскі вопыт.

Восенню 1967 давялося, хоць міжволі і пасіўна, паўдзельнічаць у грандыёзным судовым бунце, які скончыўся падпалам, забойствамі і жорсткім разгонам шматтысячнай грамады «паўсталых» гараджан
[абураных тым, што суд, як яны меркавалі, пакрывае чыноўнікаў-забойцаў мясцовага жыхара — «НН»]. Некалькі маіх старэйшых сакурснікаў па вучылішчы адсядзелі тады ў турме.

Што да прафесіі электрыка, дык яна прайшла ў вінна-туманнай маладосці і пакінула па сабе набор спецыяльных інструментаў ды інстынктыўны ўхіл ад аголеных жончыных нерваў пры высокім сямейным напружанні. Што, даў Бог, рэдка здараецца. Нескладаны рамонт яшчэ магу зрабіць. Усё астатняе — лірыка.

«НН»: А як Вас «занесла» на тэлебачанне?

ЛГ: У 1989 годзе пасля сканчэння Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве, я перабраўся на сталае жыхарства ў Мінск. Шукаў працу. Генадзь Бураўкін, які кіраваў тэлебачаннем, злітасцівіўся нада мной. Я стаў рэдактарам у рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм. Там працавала пераважная большасць свядомых беларусаў, у тым ліку Анатоль Сыс. Цікавы быў час. Але

як толькі абвесцілі вынікі выбараў першага прэзідэнта Беларусі, я падаў заяву на звальненне. Ужо тады было ў мяне адчуванне блізкага нацыянальнага рэзруху і не толькі на тэлебачанні.

«НН»: Затым была праца ў найпапулярнейшым часопісе «Крыніца», які пакінулі ў знак далучэння выдання да холдынга «ЛіМ». У чым феномен някляеўскай «Крыніцы»?

ЛГ: Я прыйшоў у рэдакцыю пры выхадзе трэцяга нумара. Штат і сама ідэя выдання ўжо былі сфарміраваныя. Гэта было адно з самых элітарных, ліберальных і дэмакратычных беларускамоўных выданняў на маёй памяці. Але паціху-памалу антынацыянальны молах выціснуў усё жывое, светлае і разумнае на ўзбочыну магістральнага цывілізаванага шляху. Больш за тое, рэжым умудрыўся праз свае органы перасварыць усю рэдакцыю, а, здавалася ж, там былі такія мудрыя і таленавітыя асобы. Настальгія па тым часе засталася ў мяне да гэтай пары.

«НН»: Але праз некалькі месяцаў Вы вярнуліся-ткі ў холдынг і адпрацавалі там восем гадоў…

ЛГ: Я прыйшоў у «ЛіМ», нягледзячы на ўпісанасць тыднёвіка ў дачасна скасцянелую холдынгавасць. Газета ўсё ж ад маладосці была маім выданнем — маёй alma mater. На старонках «Літаратуры і мастацтва» ў маі 1980-га нізкай вясковых вершаў я пачынаўся як літаратар. Таму і гэтым разам

я рабіў працу сыходзячы са сваіх здольнасцяў і вышэйстаячых дапушчэнняў.
Вядома, дзеля хоць якога працягу жыцця беларускай мовы і літаратуры час ад часу трэба было ісці на кампрамісы, а то і «паступацца» пэўнымі прынцыпамі. Але не даходзячы да прадажнасці. Зрэшты, тыя, хто чытаў «ЛіМ», могуць даць ацэнку маёй працы.
Мікалай Чаргінец і Таіса Бондар у пэўныя перыяды падштурхоўвалі мяне да сыходу, змушаючы ўступаць у новаяўлены саюз пісьменнікаў. Але ўрэшце дазволілі дапрацаваць да пенсіі.
Тады ўжо я і сам сышоў. Між іншым, у холдынгу, у «ЛіМе» ў прыватнасці, працавала і працуе шмат таленавітых і вартых беларускіх людзей. Усё ж беларускамоўныя выданні гэтай дзяржаўнай арганізацыі маюць прыстойныя наклады і паступаюць у большасць бібліятэк. Безумоўна, шмат там парожняга і павярхоўнага, праскокваюць і шкодныя для беларушчыны ін’ектывы, але ёсць і асноўнае — колькімагчымая прапаганда беларускай мовы і літаратуры.
Трэба скарыстоўваць для новага нацыянальнага адраджэння ўсякую магчымасць і любую пляцоўку. І не толькі дзеля агучвання патрыятычных лозунгаў і акцый самасцвярджэння. У гэтым плане мне падабаецца як працуе ў ТБМ шаноўны Алег Трусаў.

«НН»: «ЛіМ» у тыя гады многія набывалі з-за рэцэнзій ЛеГАЛа. Пакрыўджаныя аўтары ніколі не падпільноўвалі на цёмных вуліцах?

ЛГ: Я намагаўся выяўляць сапраўдныя таленты і па меры магчымасці дапамагаў ім. Даводзілася, вядома, і крытыкаваць. Таму былі і пакрыўджаныя, былі і ўдзячныя. Дапамагала тое, што я сам чалавек самакрытычны. Таму такога, каб падпільноўваць у завуголлях, не. Хапіла з мяне і таго, што перапала калісьці ў п’яных кампаніях.

«НН»: Што мусіць пісаць сёння літаратар, каб быць папулярным?

ЛГ: Асноўная чытаючая аўдыторыя звернутая да лёгкіх і займальных бестселераў, дэтэктыўных раманаў і баевікоў. І толькі невялікая частка інтэлектуальнай ды інтэлігентнай публікі чытае мастацкую літаратуру. Асабліва паэзію.

Што да папулярнасці, дык у нашы дні яна ўмоўная: сёння — ты, заўтра — нехта іншы. Поспех часцей за ўсё залежыць ад таго, наколькі табе ўдасца заявіць пра сябе на літтусоўках, вечарынах, у СМІ, займець своеасаблівую «групу падтрымкі». Як па мне, дык найлепш жыць па Твардоўскім: «які хачу, такі і знакаміты».

«НН»: Вашая жонка Вера таксама сябра Саюза пісьменнікаў. Яна не крыўдуе, што даводзіцца заставацца ў цяні мужа?

ЛГ: А чаму ў цяні?! Наадварот, гэта я жыву пад яе сонцам. Жыццё — складаная рэч, не зважаючы на тое, звязанае яно з паэзіяй ці з прозай.

Жонка з занятасці на патрэбы сям’і (тут я, як гаспадар, пасаромлены) пісала пасля замужжа вельмі мала.
Чакае, як панацэі, пенсіі, каб пісаць. Зрэшты, зважаючы на мой пенсіянерскі вопыт, шанцаў у яе няшмат.

«НН»: Якая гісторыя Вашага знаёмства?

ЛГ:

Пазнаёміліся мы з ёй амаль у адзін дзень як і пабраліся. У Маскве ў Літаратурным інстытуце. Там вучыліся дзве беларускі, да якіх я зазірнуў вечарам. Ужо на другі дзень Вера сабрала свае клункі і перайшла жыць у мой вялікі пакой.
І, рад-няволя, да таго, што не было бачна адразу, пасля давялося яшчэ доўга прыцірацца абоім. Там і дачку пачалі гадаваць.

«НН»: Вашая дачка ўжо дарослая. Якую дарогу ў жыцці абрала яна?

ЛГ: Цяпер ёй 23 гады.

Вучылася колісь у Коласаўскім ліцэі. Скончыла два курсы тэлерэжысуры ў Акадэміі мастацтваў. А пасля яе пацягнула на месца нараджэння, Маскву.

Спрабуе пісаць кінасцэнарыі, займаецца мастацкай фатаграфіяй, дапамагае бедным і валацугам, былая заўзятарка футбольнага клуба МТЗ РІПО, ідэйная анархістка.

Беларускай валодае адмыслова.

У сям’і размаўляем толькі на мове.
Цяпер у яе жыццёвае выпрабаванне, пераломны перыяд.

«НН»: Чым Вы займаецеся на пенсіі акрамя літаратуры?

ЛГ: Калі не пішу, то чытаю. Думаю. У перапынках ем, гляджу спартыўныя рэпартажы, мыю посуд (напраўду, любімы занятак), выгульваю сабачку Тэры. Сплю. Бывае, з жонкай…

«НН»: Вы аматар футбола ці нейкага іншага віда спорту?

ЛГ: Так, я, можна сказаць, фанат, на спорце проста памяшаны, можа быць, крыху менш, чым на літаратуры. У маладосці ганяў у футбол за школу, пасля за калгасную каманду на першынстве раёна. Бывала, і ў трыццаць пяць яшчэ пасля «дозы адрэналіну» бегаць даводзілася. Прыязджаў з вёскі (за 200 км) у сталіцу на матчы футбольнага «Дынама». Цяпер, на жаль, на стадыён не хаджу: «хварэю» перад тэлевізарам. Прыярытэт аддаю футболу. Калісьці заўзеў за мінскае «Дынама», а з канца 1990-х — за БАТЭ. Праглядаць сайт клуба і газеты «Прессбол» — занятак штодзённы. Матчы Лігі чэмпіёнаў перажываю з валідолам. Вядома, сачу за гандболам, баскетболам, лёгкай атлетыкай, біятлонам, тэнісам, хакеем (праўда, гляджу толькі матчы нацыянальнай каманды).

Добра было б, каб першынство свету 2014 года ў Мінску адбылося без галоўнага хакеіста краіны альбо з Міколам Статкевічам на трыбуне «Мінск-арэны».

Між іншым, штораніцы раблю дваццаціхвілінную фіззарадку, гэта апроч таго, што вечарам маю пяцікіламетровую прагулку з сабакам у прылеску Зялёнага Луга. Адным словам, пакуль жыву. Паэзіяй у тым ліку.

Гутарыў Сяргей Макарэвіч

* * *

Леанід Галубовіч

нарадзіўся ў вёсцы Вароніна ў Клецкім раёне. Скончыў ПТВ у Слуцку. Працяглы час працаваў электрыкам. У 1984 выдаў зборнік вершаў «Таемнасць агню», за які яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў на Беларускім тэлебачанні, у часопісе «Крыніца». Пасля разгрому «Крыніцы» і стварэння дзяржаўнага літаратурнага холдынгу звольніўся ў знак пратэсту. Праз некалькі месяцаў вярнуўся ў «ЛіМ». Цяпер на пенсіі. Напісаў кнігі «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Зацемкі з левай кішэні» (1998), «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» (2000).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?