У сталічных крамах мяса на костцы з салам ужо каштуе 43 тысячы рублёў — гэта на 40% больш, чым некалькі тыдняў таму.

У сітуацыі з цэнамі на мяса можа зламаць галаву і дасведчаны эканаміст.
Нашы вытворцы гучна запэўніваюць, што прадаваць сырую свініну ў Беларусі — працаваць сабе ў страту. Маўляў, выгадаваць свінню даражэй, чым дзяржава дазваляе прадаць яе краме.

— Мы пакрываем страты, прадаючы свініну ў Расію. І валюта краіне, і мы хоць неяк на плыву, — расказалі на адным з мясакамбінатаў.

І прывялі прыблізныя лічбы: «вырабіць» кілаграм свініны ў паўтушы каштуе пад 30 тысяч, а прадаць тыя ж паўтушы можна прыкладна за 20 тысяч. Бо дзяржава рэгулюе адпускныя цэны на свініну.

Але нягледзячы на рэгуляванне цэнаў, свініна прымудрылася ў крамах падаражэць. Замарожаная кавалкамі, з косткамі, скурай і салам — да 43 тысяч, выразка і шыя — па 56–75 (замарожаная) і 72–92,5 (астуджаная) тысяч.

Аказваецца, мясакамбінаты прыдумалі, як выкруціцца з ціскоў дзяржрэгулявання.
Папросту пачалі секчы свінню не на паловы або траціны (тут цэны рэгулюе Мінэканомікі), а на непадуладныя кантролю чвэрткі. Называюць гэта мясакоснымі паўфабрыкатамі і ўсталёўваюць адвольную адпускную цану.

— «Сацыяльная» свініна па рэгуляванай адпускной цане 30 тысяч за кіло да нас не паступала ўжо больш за месяц, — кажа таваразнаўца аднаго з буйных мінскіх універсамаў. — Магчыма, яна ідзе ў дзіцячыя дашкольныя ўстановы, бальніцы і г.д. Мы ж цяпер атрымліваем свініну з холадакамбінатаў у выглядзе мясакосных паўфабрыкатаў, якія павінныя пусціць на апрацоўку, дзе мяса «дзеліцца» на мяса для адбіўных, шыю, катлетнае мяса… Цэны самыя розныя, кожны пастаўшчык выстаўляе тое, што хоча бачыць.

— Крамы не маюць права браць свініну з мясакамбінатаў наўпрост — толькі праз холадакамбінаты. Калі б нам далі права закупляць мяса наўпрост, мяркую, цэны стабілізаваліся б на нейкім больш разумным узроўні, — канстатуе Уладзімір Нярозя, дырэктар універсама «Юбілейны».

Сусветныя пастаўшчыкі свініны — гэта Канада, Данія, ЗША і Бразілія. Сярэднія цэны на свіныя паўтушы ў іх цяпер (паводле дадзеных партала emeat.ru) менш за 2 даляры за кілаграм (чытай — 16 тысяч рублёў). Для параўнання, сярэдняя цана на свіныя паўтушы расійскай вытворчасці складае 4,52 даляра за кілаграм. Паводле дадзеных нашых вытворцаў, сабекошт вытворчасці кілаграма свініны ў Беларусі — 3,25 даляра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?