Галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі Юрый Піваварчык 1 сакавіка тэрмінова выехаў ва Украіну для высвятлення прычын часовага прыпынення ўвозу з Беларусі малочных прадуктаў і свініны. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу.

«З боку дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны на адрас дзяржаўнай ветэрынарнай і харчовай службы Рэспублікі Беларусь афіцыйных паведамленняў аб прэтэнзіях да якасці і бяспекі пастаўленай харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання не паступала», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

    • 10 лютага гэтага года на ААТ «Полацкі малочны камбінат» паступіла прэтэнзія ад прыватнага прадпрыемства «Прэм’ерпрадукт-Жытомір» на якасць масла сметанковага «Сялянскае». На ўзроўні гэтых двух гаспадарчых суб’ектаў вядзецца разбор.

    Па запыце ад 24 лютага 2012 года дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду падрабязна інфармаваны ўкраінскі бок аб праведзеных у Гродзенскай вобласці рэгіянальных вучэннях дзяржаўнай ветэрынарнай службы нашай краіны па пытаннях недапушчэння заносу і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. «Якіх-небудзь дадатковых звестак з украінскага боку не запытвалася», — гаворыцца ў паведамленні беларускага ведамства.

    Украіна 1 сакавіка з-за сістэматычных парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў краіны (перавышэнне максімальна дапушчальных узроўняў рэшткаў ветэрынарных прэпаратаў у малочных прадуктах беларускіх вытворцаў) прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю малака і малочных прадуктаў з Беларусі.

    Рашэнне прыпыніць увоз на ўкраінскую тэрыторыю малака і малочных прадуктаў з Беларусі не з’яўляецца палітычным, заявіў 1 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве першы намеснік кіраўніка Дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Украіны Уладзімір Гаржэеў.

    «Гэта прафесійныя дзеянні ўкраінскай фітасанітарнай службы… Гаворка ідзе пра бяспеку і здароўе грамадзян», — цытуе Гаржэева РІА Новости.

    Паводле яго слоў, Дзяржветслужба з пачатку кастрычніка 2011 года фіксавала значнае перавышэнне колькасці антыбіётыкаў у беларускіх малочных прадуктах. У прыватнасці, колькасць пеніцыліну ў малацэ ў некаторых выпадках у чатыры разы перавышала дапушчальныя нормы, паведаміў ён.

    Гаржэеў таксама сказаў, што Украіна адменіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў выпадку, калі ветэрынарная служба суседняй краіны дасць дакументальнае пацвярджэнне таго, што яна поўнасцю кантралюе сітуацыю са станам здароўя, хваробамі жывёл і ўтрыманнем антыбіётыкаў у малацэ і малочных прадуктах.

    Беларусь штомесяц пастаўляе ва Украіну каля 100 тыс. тон малака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?