Экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама, а цяпер пасол Расіі ў Латвіі Аляксандр Вешнякоў лічыць, што калі значная колькасць расійскіх грамадзян, якая выходзіць на мітынгі, не давярае вынікам выбараў, «значыць, для гэтага ёсць падставы».

«Можна канстатаваць, што значная частка грамадзян Расіі не давярае вынікам выбараў. І гэты свой ​​недавер яна выказвае ў дэмакратычнай форме, што было прадэманстравана на мітынгу 10 снежня і наступных. Гэта трывожны сігнал. Бо калі такая колькасць людзей не давярае, значыць, ёсць для гэтага падставы», — заявіў Вешнякоў у інтэрв’ю газеце «Известия».

«Рэакцыя з боку ўлады не прымусіла сябе чакаць. Прэзідэнт заявіў аб істотнай лібералізацыі парадку рэгістрацыі палітычных партый і цэлым комплексе мер па палітычнай рэформе. І гэта сапраўды трэба рабіць», — падкрэсліў экс-кіраўнік ЦВК.

Вешнякоў лічыць, што праца такіх арганізацый, што назіраюць за ходам выбараў, як асацыяцыя «Голас», патрабуе сур’ёзнага аналізу з боку ўладаў, «а не абвяшчэння іх ворагамі».

«Яны („Голас“) ужо даўно працуюць, займаюцца назіраннем за выбарамі. У свой час, калі ў законе была норма, якая дазваляла і грамадскім арганізацыям накіроўваць сваіх назіральнікаў, яны гэтым актыўна карысталіся. Па кожнаму назіранню рыхтавалі падрабязны даклад, які быў прадметам вывучэння і для ЦВК. Шматлікія факты пацвярджаліся. Але былі выпадкі, калі яны бралі інфармацыю з недакладных крыніц. Гэта таксама патрабуе сур’ёзнай працы, а не абвяшчэння іх ворагамі», — лічыць экс-кіраўнік ЦВК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?