На працягу лютага ў кнігарні чытачоў чакае палічка са шведскімі кнігамі, а таксама выступы і чытанні шведскіх пісьменнікаў.

7 лютага (аўторак) Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца літаратурная вечарына «Глобус Швецыі», на якой Лявон Баршчэўскі выступіць з перакладамі Нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера, Уладзімір Арлоў падзеліцца ўражаннямі ад вандроўкі за Палярнае кола на шведска-фінскае памежжа, Вера Бурлак прачытае вершы-імпрэсіі пра скандынаўскія авіялініі, Валянціна Аксак і Валярына Кустава распавядуць пра выспу Готланд. Вядоўца імпрэзы – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19.

12 лютага (нядзеля) Ранішнік для дзетак з прэзентацыяй кнігі Юі Вісландэр «Мама Му чытае» ды Юі і Тумаса Вісландэраў «Малы і Білан», з удзелам аўтаркі Юі Вісландэр і яе беларурскай перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч, а таксама спевакоў Змітра Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай, якія запісалі кружэлку з Юінымі казкамі і песенькамі. Лялечны тэатрык Веранікі Фаміной «Лямцавая батлейка» прадставіць сваю версію Мамы Му. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце! Пачатак а 14-й.

18 лютага (субота) Прэзентацыя дзіцячай кнігі Ульфа Старка «Дыктатар» (папяровае выданне+электронная версія). Пры ўдзеле аўтара, а таксама літаратуразнаўцы Яніны Арлоў, і перакладчыц: Насты Лабады і Вольгі Рызмаковай. Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Зноў запрашаем дзетак і іх бацькоў. Пачатак а 14-й.

28 лютага (аўторак) Вечар шведскага дэтэктыва. Паказ фільма паводле рамана Стыга Ларсана і абмеркаванне феномена шведскага дэтэктыва. Вядоўца – культуролаг Максім Жбанкоў. Пачатак у 18-30.

12 сакавіка (панядзелак) Nobel-party.Імпрэза,прысвечаная паэту-набелісту Тумасу Транстромеру. З удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага і рэжысёра Лейфа Ульсана. Мадэратар – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19-й.

15 сакавіка (чацвер) Тэатралізаваны вечар, прысвечаны класіку сусветнай драматургіі Аўгусту Стрындбергу. З удзелам актораў мінскіх тэатраў і рэжысёра Лейфа Ульсана, ідырэктара Тэатра беларускай драматургіі Валерыя Анісенкі. Пачатак а 19-й.

Пра аўтараў

Ульф Старк (Ulf Stark) Адзін з самых вядомых еўрапейскіх дзіцячых пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Стакгольме. Дэбютаваў як аўтар кніг для дарослых. У 1984 годзевырашыў цалкам прысвяціць сябе дзіцячай літаратуры. Лаўрэат прэстыжнай прэміі Андэрсана. Піша вясёлыя і мудрыя кнігі, ад фэнтэзі да дзіцячых вершаў.

Юя Вісландэр (Jujja Vislander) Шведская дзіцячая пісьменніца (нарадзілася ў 1944г.), вядомая сваімі вясёлымі гісторыямі аб цудоўнай і адважнай гарэзе – карове Му, яе сябру-хвальку крумкачы Краксе, ды іх сумесным прыгодам. У 2005 г. творчы дуэт Юі і Томаса быў угнараваны прэміяй імя Астрыд Ліндгрэн.

Яніна Арлоў (Janina Оrlov) Нарадзілася ў 1955г. Перакладчыца, літаратуразнаўца, актыўная ўдзельніца фармавання культурнай палітыкі сваёй краіны.

Лейф Ульсан (Leif Olson) Нарадзіўся ў 1938г. Шведскі рэжысёр, сцэнарыст, актор.

Адрас кнігарні «логвінаЎ»: пр-т. Незалежнасці, 37а. Кантактны тэлефон: +375-44-7236574 (Павал).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?