Ва ўмовах марознага надвор’я, што ўстанавілася ў краіне, Дзяржаўтаінспекцыя МУС Беларусі звяртае ўвагу пешаходаў на гранічную асцярожнасць пры ўдзеле ў дарожным руху.

Чакаючы грамадскі транспарт ці зялёны сігнал святлафора на пераходзе, пешаходам неабходна знаходзіцца падалей ад краю праезнай часткі, каб пазбегнуць падзення пад транспарт са слізкага бардзюра. Цёплае адзенне, шапкі, капюшоны робяць пешаходаў непаваротлівымі, перашкаджаюць ім чуць, што набліжаецца аўтамабіль, кантраляваць дарожную сітуацыю.

Менавіта таму ДАІ заклікае пешых удзельнікаў дарожнага руху не перабягаць дарогу, нават калі здаецца, што аўтамабіль яшчэ далёка.
Пераходзіць праезную частку трэба толькі ва ўстаноўленых месцах, перад гэтым абавязкова паглядзець па баках і пераканацца, што вадзіцелі заўважылі пачатак руху, спыніліся і прапускаюць. ДАІ таксама раіць пешаходам зрабіць сябе больш заўважнымі для вадзіцеляў у цемры, размясціўшы на адзенні святлоадбіўныя элементы.
Аўтаўладальнікам ДАІ рэкамендуе адмовіцца ад паездак на далёкія адлегласці.
Старанна падрыхтаваць аўтамабіль да эксплуатацыі пры нізкіх тэмпературах: выкарыстоўваць спецыяльнае зімовае дызельнае паліва, праверыць якасць ахаладжальнай вадкасці ў сістэме ахаладжэння рухавіка (яна павінна быць запоўненая антыфрызам або тасолам з адпаведнай тэмпературай замярзання), праверыць зарадку акумулятарнай батарэі і спраўнасць сістэмы ацяплення. Апрача таго, не забываць запоўніць бачок шклоабмывальніка незамярзальнай вадкасцю.

Паводле звестак упраўлення ДАІ Беларусі, за мінулыя суткі на дарогах краіны зарэгістравана 307 ДТЗ з матэрыяльным уронам. Учынена 5 ДТЗ, у якіх 1 чалавек загінуў і 5 атрымалі раненні. За кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення затрыманыя 53 вадзіцелі.

У Віцебску ў 18.20 21-гадовы мясцовы жыхар, кіруючы аўтамашынай «Аўдзі А4», учыніў наезд на 67-гадовага пенсіянера, які пераходзіў праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Пешаход ад атрыманых траўм памёр на месцы здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?