У галоўным упраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі складзены «фотаробат» сярэдняга фальшываманетчыка.

Як паведамілі ў ГУБЭЗ МУС,

60% вытворцаў грошай — людзі ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Характэрна, што асобы 17–19 гадоў і маладзей займаюцца падробкай менавіта беларускіх грашовых знакаў.
Пераважная большасць фальшываманетчыкаў — мужчыны. Толькі 9% такіх злачынстваў учыняюць жанчыны, прычым іх крымінальны ўдзел выражаецца ў асноўным у збыце падробак.

Што да роду дзейнасці, то больш за палову фальшываманетчыкаў нідзе не працуюць і не вучацца і толькі 6% злачынцаў з’яўляюцца прадпрымальнікамі або служачымі. Людзі асацыяльных паводзінаў, якія хварэюць на наркаманію або алкагалізм, складаюць 12% ад усіх фальшываманетчыкаў. Калі правапарушальнікамі з’яўляюцца непаўналетнія, то гэта, як правіла, вучні агульнаадукацыйных школ або навучэнцы прафесійных ліцэяў.

Амаль палова злачынстваў учынена ў складзе групы асоб. А чвэрць злачынцаў раней ужо былі асуджаны за злачынствы супраць уласнасці (крадзяжы, рабаванні, разбоі).

Кожны дзясяты фальшываманетчык з’яўляецца грамадзянінам іншай краіны. У снежні 2011 года да сямі і трох гадоў пазбаўлення волі былі прыгавораны двое грамадзян Расіі, якія збывалі ў Беларусі падробленыя расійскія рублі. Сюды яны прывезлі больш за мільён фальшывых рублёў РФ, праўда, рэалізаваць паспелі невялікую частку гэтай сумы. Грамадзяне Расіі падалі касацыйную скаргу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?