У сталіцы Афганістана забіты экс-прэзідэнт краіны Бурханудзін Рабані, які займаў пасаду кіраўніка Вышэйшай рады міру.
Паводле папярэдніх дадзеных, у доме Рабані адбыўся выбух у часе сустрэчы экс-прэзідэнта з двума прадстаўнікамі руху «Талібан». Прэзідэнт Афганістана Хамід Карзай ужо заявіў пра адмену візіту ў Нью-Ёрк на Генеральную асамблею ААН і як мага хутчэйшае вяртанне на радзіму.
«Рабані стаў пакутнікам»,
 — пацвердзіў дадзеныя пра забойства кіраўнік упраўлення крымінальнага вышуку Кабула Мухамед Захір. У выніку нападу таксама пацярпеў Масум Станекзай, старшы дарадца прэзідэнта Афганістана Хаміда Карзая. «Масум Станекзай жывы, але цяжка паранены», — паведамляе Reuters са спасылкай на ананімную крыніцу ў паліцыі.

Трохпавярховая рэзідэнцыя Рабані знаходзілася ў добра ахоўваным раёне Кабула, дзе размешчаныя дыпламатычныя місіі і будынкі ўрадавых установаў. Проста насупраць асабняка Рабані размешчанае пасольства Чэхіі, а доступ на саму вуліцу ахоўваецца блокпастом. Зрэшты, мяркуючы па абставінах гібелі Рабані,

ён быў забіты ў выніку ваеннай хітрасці талібаў, а не ў выніку прарыву баевікоў.
У аўторак Рабані сустракаўся з двума прадстаўнікамі руху «Талібан», і ў гэты момант адбыўся выбух. Бомба была закручаная ў турбан аднаго з талібаў.

Яшчэ ў 2001 годзе падобным чынам загінуў галоўнакамандуючы войскамі Паўночнага альянсу, паплечнік Рабані Ахмад Шах Масуд. Яго таксама ўзарвалі двое талібаў, якія прыйшлі на сустрэчу. Тады талібы тады былі замаскіраваныя пад журналістаў, а выбухоўку схавалі ў тэлекамеры.

Характэрна, што сам Рабані, які ў 90-я гады змагаўся з талібамі, апошнім часам прыкладаў намаганні для дасягнення нацыянальнага прымірэння і выступаў за амністыю ўдзельнікам руху.

На тое, што здарылася, адрэагаваў прэзідэнт Афганістана Карзай, які ў сувязі з надзвычайнымі абставінамі адмяніў запланаваны візіт у Нью-Ёрк на Генеральную асамблею ААН. «Прэзідэнт глыбока засмучаны весткай пра смерці прафесара Рабані, ён адмяніў сваю паездку ў ЗША і неўзабаве вернецца ў Афганістан», — паведаміў прадстаўнік прэс-службы Карзая Хамед Эльма.

Рабані быў 71 год. Па нацыянальнасці экс-прэзідэнт таджык, і доўгі час ён заставаўся адным з кіраўнікоў Паўночнага альянсу, які ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя быў цэнтрам супраціву экспансіі талібаў.
Зрэшты, у адрозненне ад астатніх лідараў альянсу, Рабані быў не палявым камандзірам, а мусульманскім інтэлігентам: атрымаў рэлігійную адукацыю ў Егіпце, а з 1963 года працаваў прафесарам ісламскага права ў кабульскім універсітэце. У 1970-я гады з’ехаў на эміграцыю ў Пакістан, але пасля ўводу савецкіх войскаў у Афганістан стаў адным з ідэалагічных лідараў маджахедаў. Рабані асабіста кіраваў задушэннем паўстання ў лагеры Бадабера для савецкіх і афганскіх ваеннапалонных ў 1985 годзе. Тады будучы прэзідэнт краіны быў паранены.

Калі пасля вываду войскаў СССР маджахеды прыйшлі да ўлады, Рабані вярнуўся ў Кабул і ў маі 1992 года заняў пасаду часовага прэзідэнта краіны. У снежні ён быў абраны паўнавартасным кіраўніком дзяржавы на два гады, але ўлада лідара, як гэта традыцыйна прынята ў Афганістане, выявілася вельмі нетрывалай. Амаль адразу ж у краіне пачалася новая вайна, гэтым разам паміж групоўкамі розных палявых камандзіраў. Атрады, адданыя Рабані, ваявалі з сіламі, лаяльнымі генералу Абдул-Рашыду Дустуму і Гульбедзіну Хекматыяру. Нягледзячы на тое, што ў 1994 годзе паўнамоцтвы Рабані былі пацверджаныя Вярхоўным судом краіны, рэальна яго ўлада распаўсюджвалася толькі на Кабул і прылеглыя да яго раёны.

У 1996 годзе талібы выцеснілі Рабані з Кабула, але сусветная супольнасць не прызнала іх урада. Большасць краін працягвалі лічыць Рабані законным прэзідэнтам Афганістана. Сам ён збег з Кабула ў Мазары-Шарыф і ўзначаліў Аб’яднаны ісламскі фронт выратавання (Паўночны альянс). У 1998 годзе талібы разграмілі асноўныя сілы Паўночнага альянсу, захапілі Мазары-Шарыфа, а Рабані схаваўся ў Душанбэ.

Пасля тэракту 11 верасня войскі НАТО на чале з ЗША ўварваліся ў Афганістан, талібы былі адхіленыя ад улады. Але Рабані ў канцы 2001 года быў вымушаны саступіць уладу ў краіне Хаміду Карзай. Тым не менш Рабані заставаўся адным з самых уплывовых афганскіх палітыкаў. У 2009 годзе талібы ўжо спрабавалі яго забіць: картэж экс-прэзідэнта трапіў у засаду ў правінцыі Кундуз, але тады палітык застаўся жывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?